Адказаць на каментар

26 верасня ў Варшаве на штогадовай нарадзе АБСЕ па чалавечым вымярэнні адбылося паралельнае мерапрыемства “Свабода асацыяцыяў і прававыя ўмовы для дзейнасці арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”. Арганізатарамі падзеі выступілі Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі і Цэнтр прававой трансфармацыі.

Мэтай мерапрыемства было азнаямленне ўдзельнікаў канферэнцыі АБСЕ са зместам аднайменнай альтэрнатыўнай справаздачы, якая была пададзеная беларускімі арганізацыямі ў Савет па правах чалавека ААН у межах падрыхтоўкі да другога раўнду Універсальнага перыядычнага агляду па правах чалавека. Рэспубліка Беларусь павінная прайсці працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду ў другі раз на 22-й сесіі Савету па правах чалавека, якая пройдзе ў Жэневе ў красавіку-траўні 2015 году.

У межах паралельнага мерапрыемства праваабаронцы сканцэнтравалі ўвагу на выкананні беларускім урадам рэкамендацыяў па паляпшэнні прававых умоваў для дзейнасці няўрадавых арганізацыяў, што былі адрасаваныя нашай краіне ў часе першага раўнду Універсальнага перыядычнага агляду ў 2010 годзе.

У сваім выступе юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў адзначыў, што ўрад Беларусі не выканаў абсалютную большасць рэкамендацыяў, датычных свабоды асацыяцыяў. У тым ліку не выкананыя тыя рэкамендацыі, якія ў 2010 годзе былі прызнаныя ўрадам Беларусі ў якасці прыймальных, а значыць, нашая краіна ўзяла на сабе абавязак прыслухацца да іх.

Так, рэкамендацыя скасавання крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў (сумнавядомы артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу), высунутая Нідэрландамі і шэрагам іншых краінаў, так і засталася ня выкананая: хоць ад 2008 году новых прысудаў па артыкуле 193-1 не было зафіксавана, сам артыкул працягвае дзейнічаць і негатыўна ўплываць на развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці.

Дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка падкрэсліла, што тыя шматлікія змены заканадаўства пра няўрадавыя арганізацыі, якія адбыліся ў перыяд 2010-2014 гадоў, ніякім чынам не вырашылі асноўных прававых праблемаў і абмежаванняў для працы некамерцыйных арганізацыяў. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, партыяў, іх арганізацыйных структураў, а таксама фондаў, з’яўляецца складаным і цяжкім, пакідае магчымасць для адвольнай адмовы ў рэгістрацыі якой-кольвек навастворанай арганізацыі (напрыклад, апошні выпадак рэгістрацыі новай партыі ў Беларусі адбыўся ў 2000 годзе і з таго часу аніякія новыя спробы рэгістрацыі не прыводзяць да пазітыўнага рашэння). Заканадаўства ўстанаўлівае істотныя абмежаванні для атрымання няўрадавымі арганізацыямі фінансавання як з унутраных, так і з замежных крыніцаў, у тым ліку абмяжоўваючы мэты, на якія могуць падавацца ахвяраванні замежных і карпаратыўных донараў.

Эксперт Цэнтру прававой трансфармацыі Аляксей Казьлюк прадставіў агляд ўзаемадзеяння Беларусі з міжнароднымі механізмамі па правах чалавека і месца няўрадавых арганізацыяў у гэтым працэсе. Выступоўца адзначыў, што ў параўнанні з першым раўндам Універсальнага перыядычнага агляду інтэнсіўнасць узаемадзеяння ўраду з нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі зменшылася і абмяжоўваецца збольшага фармальнымі мерапрыемствамі з тэарэтычным абмеркаваннем праваабарончых аспектаў, далёкім ад пытанняў практычнай рэалізацыі ў дзяржаўнай палітыцы. Дакладчык падкрэсліў важнасць павелічэння ролі прадстаўніцтва ААН у Менску ў справе сапраўды рэальнага дыялогу па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі.

Удзельнікі прэзентацыі акцэнтавалі ўвагу нацыянальных дэлегацыяў краін-сябраў АБСЭ на тых рэкамендацыях, якія прадстаўленыя ў альтэрнатыўнай справаздачы. Яны падкрэслілі важнасць адрасавання ўраду Беларусі выключна канкрэтных і адназначных рэкамендацыяў, выкананне якіх лёгка ацаніць і цяжка сымуляваць. Дакладчыкі заклікалі прысутныя на мерапрыемстве ўрадавыя дэлегацыі грунтаваць свае пытанні і рэкамендацыі да ўраду Беларусі ў межах другога раўнду Універсальнага перыядычнага агляду на тых прапановах, якія ўтрымліваюцца ў прэзентаваным альтэрнатыўным аглядзе па свабодзе асацыяцыяў.

У межах мерапрыемства прайшла кароткая дыскусія, у якой дакладчыкі і аўдыторыя абмеркавалі пытанні крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў, доступу да прававой інфармацыі ў Беларусі, выціскання няўрадавых арганізацыяў з Беларусі ў замежжа з рэгістрацыяй арганізацыяў у Літве, Польшчы ды іншых краінах, а таксама праблема невыканання Беларуссю рэкамендацыяў Камітэту ААН па правах чалавека.

Гэты сайд-івэнт стаў шостым запар мерапрыемствам, праведзеным Асамблеяй НДА на штогадовых нарадах АБСЕ па чалавечым вымярэнні: падобныя прэзентацыі праводзяцца Асамблеяй НДА на гэтай міжнароднай пляцоўцы штогод ад 2009 году

Паводле ПЦ "Вясна"
 

Адказ

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку