За веру ў Госпада - на выгнаньне й пакуты
5 траўня па ініцыятыве Хрысціянскай дэмакратыі адбылася сустрэча з рэпрэсаванымі вернікамі й сьвятарамі – Эрнестам Сабілам, Уладзімерам Канатушам, былымі вязьнямі ГУЛАГУ, і сёньняшнімі выгнаньнікамі й нядаўнімі палітзьняволенымі – пастарам Яраславам Лукасікам і Паўлам Севярынцам.
Э.К. Сабіла, які шмат гадоў правёў у сталінскіх лягерах, працаваў на лесапавале, сядзеў у адзіночцы за сваё вызнаньне хрысціянскае веры, падкрэсліў неабходнасьць правядзеньня кампаніі “Нацыянальнага пакаяньня”. “Пакуль яшчэ мала было выказана слоў пакаяньня у грахах камунізму й сталінізму ў сродках масавай інфармацыі й на тэлебачаньні”, - зазначыў пастар.
“Адраджэньне краіны павінна пачынацца не зьверху, а з саміх яе жыхароў, - выказаў сваё меркаваньне пастар Эвангельскае Царквы імя Я. Хрысьціцеля - Яраслаў Лукасік. ( Ён зьяўляецца адным з пачынальнікаў моцнага руху беларусізацыі царквы пад назовам “Новая рэфармацыя”). – Улада адлюстроўвае стан грамадства . Пакаяньне дасьць плён, калі беларусы адмовіцца ад такіх заган як алкагалізм, абыякавасьць, блуд, гардыня, палітычны раздрай. Таксама, памылка беларусаў у тым, што яны не скарысталіся незалежнасьцю й зноў паклікалі гаспадарыць у краіну дух камунізму, які раней прынёс столькі пакут.” Пастар, які сам зьяўляецца па нацыянальнасьці палякам, зрабіў шмат, каб адрадзіць у беларусаў цікавасьць і любоў да роднае мовы й культуры.
Э.К. Сабіла заклікаў прысутных праяўляць салідарнасьць ва ўсіх магчымых праявах, бараніць адзін аднаго. “Калі салідарнасьць будзе такой моцнай, - сказал Павал Севярынец, - як пры абароне вернікамі Касьцёла святога Язэпа, як пры супольнай малітве на вул. Гурскага ў падтрымку рэпрэсаваных пратэстанцкіх сьвятароў, дзе прысутнічала каля 5 тысячаў чалавек, як гэта было на судзе “Маладога Фронту”, мы зможам казаць пра еднасьць грамадзянскае супольнасьці й спадзявацца на перамогу.
© 2006-2008 Salidarnasc
