“Усе, што ў нас ёсьць у жыцьці, зьвязана зь Беларусьсю”
У Камітэце абароны рэпрэсаваных адбылася сустрэча зь ягонай жонкай Наталяляй Лукасік, маці трох дзяцей. ”Рашэньне аб высылцы мужа з краіны выклікала ў нас вялізнае абурэньне, - распавяла спадарыня Натальля. - Спачатку былі сьлёзы, крыўда, бо ўсё, што ёсьць у нашым жыцьці, што мы рабілі, зьвязана зь Беларусьсю, тут застаюцца нашыя родныя, сябры. Такім чынам улады хацелі разьбіць нашу сям’ю, аказаць псыхалягічны ціск.
Але мы ўпэўненыя, што Госпад усё трымае ў сваіх руках. Значыць, для нас пачынаецца новы этап служэньня Царкве, людзям. Яшчэ ў 1998 годзе існаваў загад выслаць майго мужа з краіны. Яго неаднаразова выклікалі ў КДБ на размовы, але ён, не зважаючы ні на што, працягваў праводзіць ў царкве беларускамоўнае служэньне, удзельнічаў у руху Адраджэньня “Новая рэфармацыя”, падтрымліваў тых, хто знаходзіцца ў вязьніцах.”
Пастар Яраслаў Радзевіч (гэта прозьвішча аднаго зь яго шляхетных продкаў) паходзіць зь сям’і глыбока веруючых каталікоў. Яго бацькі мелі асабліва цёплую прыхільнасьць да беларускіх земляў, таму наша краіна зь юнацтва цягнула й прываблівала яго. Яраслаў у маленстве вельмі любіў прыроду й марыў стаць лесьніком. Некаторы час ён працаваў у Белавежскае пушчы, наведваў Нарачанскі край. У 1993 годзе вандруючы па нашай краіне, пад час малітвы зь сябрамі, Яраслаў адчуў асаблівае пакліканьне служыць Беларусі. Таму ён вырашыў паступіць у Варшаўскі ўнівэрсітэт на адзяленьне беларускай філялёгіі.
Натальля й Яраслаў пазнаёміліся на студэнцкай культурна-асьветнікай канфэрэнцыі, якую польскі студэнт арганізаваў для моладзі на Нарачы. Натальлю ўразіла яго апантанасьць, натхнёнасьць, любоў да Беларусі, пачуцьцё адказнасьці. Потым былі сустрэчы ў Менску ў касьцёле Сьвятога Роха. Гэта была адна з каталіцкіх парафій, якія першымі перайшлі на беларускую мову. Засталіся ў памяці пілігрымкі разам з моладзьдзю, служэньні, супольныя малітвы, вечарыны з гітарай. У 1998 годзе Яраслаў і Натальля ўзялі шлюб.
” Мы прынялі рашэньне жыць у Беларусі й ахвярна служыць ёй, ня гледзячы ні на якія перашкоды, цяжкасьці й нястачы ў жыцьці. Людзі прыходілі да нас дадому са сваімі праблемамі, пачуцьцямі, - расказвае жонка пастара. - Яны хацелі чуць слова Божае, знайсьці адказы на пытаньні, якія іх хвалюць. Наша хрысьціянская абшчына вырасла ў вялікую царкоўную сям’ю. Да нас неаднойчы прыязджалі Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, яшчэ да свайго знаходжаньня за кратамі. Мы разам разважалі над такой праблемай, як павінен паводзіць сябе хрысціянін у дзяржаве. Мы пераканаліся, калі ўлада творыць злачынствы супраць свайго народа, хрысціанін знаходзіць выйсьце ва ўдзеле ў кампаніі грамадзянскага непадпарадкаваньня – супольных малітвах, пастах, галадоўках пратэсту, акцыях салідарнасьці.”
Пратэстанцкая Царква імя Св. Яна Прадвесьніка, дзе нёс служэньне пастар Яраслаў, была адным з асяродкаў панаваньня Божае праўды й свабоды асобы , а таксама асяродкам шчырых прыхільнікаў беларушчыны.
Цяпер у Яраслава й Натальлі трое дзетак: Ян, Марцін і Міра. Старэйшы сямігадовы Ян наведвае беларускамоўную школку. Вынікі навучаньня ў яго ў канцы года, на думку выкладчыцы, адпавядаюць узроўню 4 клясы. Маленькі філёзаф, сталасьцю разважаньняў і годнасьцю паводзінаў, ён нагадвае свайго тату. Празь некаторы час уся сям’я сустрэнецца ў Польшчы.
Пад такім назовам зьявіцца новая кніга прафэсара Лідзіі Савік. Яна будзе прысьвячана паэтам і пісьменннікам, якіх растралялі ўначы на 29 кастрычніка 1937 года. “Каб гэтыя творцы жылі й яшчэ шмат хто зь інтэлігенцыі, якая загінула ў гадзіну рэпрэсій, то наша краіна была б зусім іншай! ”, - сьцвярджае вядомая літаратуразнаўца. Пяру Лідззі Савік належаць кнігі пра В. Іпатаву “Адна між замкаў”, а таксама даследваньне пра пісьменьнікаў беларускай эміграцыі. Лідзія Сымонаўна - адна з тых , хто заўседы прыходзіць пакланіцца сьветлае памяці Васіля Быкава ў дзень яго народзінаў. Яна падтрымлівае працу Аргкамітэта па ўшанаваньню памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў.
У Камітэце абароны рэпрэсаваных адбылася сустрэча з К. П.Садоўскай. Кацярына Пятроўна больш за паўгады знаходзілася ў Гомельскай жаночай папраўчай калёніі. Яна была асуджана на два гады зняволеньня паводле артыкулаў 389, 391, 386.
Адвакат па адукацыі й прызваньню, К. Садоўская, знаходзячыся на пенсіі, некалькі гадоў працавала ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Вече”, што знаходзіцца ў Пскове й выдае друкаваны бюлетэнь пад назовам “Заступніца”. Кацярына Пятроўна імкнулася дапамагчы людзям у складаных жыцьцёвых сітуацыях, абараняла ў судах. Яе хвалявалі факты несправядлівасьці ў адносінах да былых вязьняў фашысцскіх концлягераў і турмаў. Яна сутыкнулася з фактамі абадраньня ў вязняў надбаўкі да пенсіі, неабходнай на лекі й на харчаваньне. Гэтая несправядлівасьць мясцовых органаў сацзабяспячэньня Кіраўскага раёна Магілеўскае вобласьці прымусіла К. Садоўскую звяртацца ў суд і адстойваць іх правы.
Не зважаючы на тое, што Кацярына Садоўская перанесла анкалягічную апэрацыю, у калёніі “палітычная” зьняволеная была разьмешчана на другім ярусе ложкаў. Ей усяляк стараліся стварыць перашкоды, але да актывісткі й на зоне пацягнуліся людзі, каб адкрыць душу й расказаць пра свае беды. Старэйшыя жанчыны агарнулі яе клопатам. К. Садоўская адчула моцную падтрымку з розных краінаў сьвету – Чэхіі, Польшчы, Францыі, атрымліваючы дзесяткі лістоў.
Сп. Кацярына засьведчыла, што ў турмах пакутуе шмат нявінных людёў, справы на якіх сфабрыкаваны. Прадпрымальнікі сядзяць разам цэлымі сем’ямі, не гледзячы на тое, што малодшыя сямейнікі маюць да спраў вельмі мала дачыненьня, у іх канфіскуецца маёмасць. Сама калёнія перапоўненая, людзі паміраюць у месцах зьняволеньня ад сардэчных захворваньняў і зь іншых прычын. Цяпер Кацярына Пятроўна хацела б прайсьці курс медычнай рэабілітацыі ў санаторыіі.
© 2006-2008 Salidarnasc
