Сустрэча з пастарам
Эрнэст Канстанцінавіч Сабіла наведаў нас па запрашэньню Камітэту абароны рэпрэсаваных. Сябры арганізацыі былі рады магчымасьці пагутарыць з прасьвiтарам Беларускай Эвангельскай Царквы, мужным вернікам, які прайшоў праз сталінскія лягеры.
У 1951 годзе дзевятнаццацiгадовы студэнт медынстытута Эрнэст Сабiла быў асуджаны на расстрэл за антысавецкую агiтацыю, абцяжараную рэлiгiйнымi й нацыянальнымі перакананьнямі. Прысуд быў заменены на дваццацiпяцiгадовае зьняволеньне. Бацькоў Э.Сабілы, каталікоў, выслалі за 100 км ад Менску. Сам сп. Сабіла адбываў зняволеньне ва Уладзіміраўскім цэнтралі, быў на цяжкіх працах, некаторы час сядзеў у адзіночцы.
Па вызваленьнi ў 1964 годзе з ГУЛАГу Эрнэст Сабiла патрапіў пад адкрыты перасьлед з боку КДБ. У пошуках працы ён зьвяртаўся на розныя прадпрыемствы, але за ім следам бег супрацоўнік КДБ, і уладкавацца было цяжка. Нарэшце, на працу узяў дырэктар завода прастым памочнікам слесара, не мінуўшы размовы з супрацоўнікамі КДБ.
Яшчэ ў савецкія часы сп. Сабіла марыў стварыць моцную дысідэнтскую партыю ці арганізацыю, але рэалізаваць гэта было немагчыма пад пільным вокам органаў. Пазьней спраўдзілася яго мара стварыць пратэстанцкую царкоўную суполку й ажыцьцявіць пастырскае пакліканьне.
Эрнэст Сабiла - адзiн зь нямногiх хрысьцiянскiх сьвятароў, якi актыўна падтрымлiваў беларускi нацыянальна-дэмакратычны рух напрыканцы 80-х - пачатку 90-х гадоў, вёў набажэнствы ў сваёй царкве па-беларуску.
А ў пачатку 21-га стагодзьдзя ён ізноў патрапіў пад перасьлед уладаў. У жніўні 2005 году суд ліквідаваў рэгістрацыю ягонай царкоўнай супольнасьці ў Менску й абавязаў яго заплаціць велізарную суму судовых выдаткаў. За адмову плаціць у яго была апісаная маёмасьць, сталаму чалавеку пагражалі штрафам і арыштам. Але гэтыя пагрозы ня змаглі зламіць чалавека, які ўсё сваё жыцьцё жыве верай і шануе Бога. Зараз сп. Сабіла будуе новую царкву ў Асіповічах. Яму выдзелілі кавалак зямлі ў балоцістай мясцовасьці, дзе ў ва ўсіх жыхароў затоплівае падвалы. З малітвай зьвярнуўся сп. Сабіла да Госпада, і праз некаторы час вільготнасьць на яго зямельным падзеле значна паменьшылася.
Эрнэст Канстанцінавіч Сабiла - асоба беларускага дысыдэнцкага руху, якая й сёньня адстойвае духоўныя й палiтычныя свабоды беларусаў, сьведчыць ад пераможнай веры ў Ісуса Хрыста. Пастар Эрнэст расказаў аб стварэньні аб’яднаньня рэпрэсаваных хрысьціян “Вязьні сумленьня”, якое ён ўзначаліў. У аб'яднаньне ўвойдуць хрысьціяне, рэпрэсаваныя як у мінулыя гады, так і цяпер. Таксама ён зьяўляецца адным з сябраў аргкамітэта Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.
З асаблівым гонарам і хваляваньнем Камітэт абароны рэпрэсаваных “ Салідарнасьць” рэкамендуе дачку Э. Сабілы на Праграму К. Каліноўскага.
© 2006-2008 Salidarnasc
