15 сутак за памятны крыж
Палітык і грамадзкі дзеяч Вячаслаў Сіўчык асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэньне 23 красавіка прыняў раённы суд у Старых Дарогах.
Вячаслаў Сіўчык, які ўзначальвае мемарыяльнае адзьдзяленьне “Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, быў затрыманы 23 красавіка каля будынка суда Маскоўскага раёну г. Менска супрацоўнікамі міліцыі Старых Дарог. Яны даставілі грамадзкага дзеяча ва ўпраўленьне ўнутраных справаў раённага цэнтру, дзе прад'явілі абвінавачаньне ў правапарушэньні па арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства або пікетаваньня). Пасьля таго як В.Сіўчык даў у міліцыі тлумачэньні, яго накіравалі ў суд.
Абвінавачаньне зьвязана з устанаўленьнем 19 красавіка мемарыяльнага крыжа ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёну ў памяць аб мірных жыхарах, зьнішчаных партызанамі 15 красавіка 1943 года. Шасьціканечны крыж сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, нябеснай заступніцы Беларусі, устаноўлены побач з каталіцкімі могілкамі вёсцы, частка якой была спалена, а многія жыхары забіты або спалены партызанамі ў сваіх дамах.
У адкрыцьці знака ўдзельнічала больш за 30 чалавек, у тым ліку жыхары вёскі і сьведкі трагедыі. Перад пачаткам устаноўкі крыжа да могілак пад'ехалі прадстаўнікі мясцовай улады, у тым ліку спэцслужбаў, міліцыі, ідэалягічнага адзьдзелу Старадарожскага райвыканкаму, якія спрабавалі перашкодзіць устанаўленьню знака. Аднак цырымонія яго адкрыцьця ўсё ж адбылася. 23 красавіка зьявілася інфармацыя, што помнік дэмантаваны.
Паводле радыё Рацыя
| Пн | Аўт | Cр | Чц | Пт | Сб | Ндз |
|---|---|---|---|---|---|---|
| 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | |
| 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 |
| 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 |
| 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 |
| 28 | 29 | 30 | 31 |
© 2006-2008 Salidarnasc
