Reply to comment
20 лютага суд Лідскага раёна пачаў разгляд адміністрацыйнай справы супраць старшыні грамадскага аб’яднання “Таварыства польскай культуры Лідчыны” Аляксандра Колышка.
Мясцовыя палякі Ліды мелі намер запаліць знічы і памаліцца на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага, забітага царскімі войскамі за адчытанне паўстанчага маніфесту, 22 студзеня ў дзень 150-годдзя пачатку паўстання 1863 года. Аднак міліцыянты такія дзеянні палічылі незаконнымі, забаранілі малітву на месцы растрэла ксяндза, а Аляксандра Колышка спрабуюць прыцягнуць да адказнасці.
Спадар Аляксандр лічыць такія дзеянні службоўцаў поўным абсурдам:
- Я не лічу, што мы павінны былі атрымліваць дазвол уладаў на тое, каб памаліцца на магіле ксяндза, які з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі. Нажаль, міліцыянты палічылі інакш. У той жа час, прыкладам, камуністы ідучы да шматлікіх помнікаў Леніну, дазвол ніколі не пытаюць, што яшчэ раз падкрэслівае, якіх ідалаў прызнае дзяржава.
Аляксандра Колышка абвінавачваецца ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП РБ(парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Паводле міліцэйскага пратакола, прадстаўнік польскай меншасці абвінавачваецца ў арганізацыі незаконнага схода.
Суддзя Сяргей Піпка, які разглядае справу, адправіў пратакол ад адміністрацыйным правапарушэнні на дапрацоўку. Пакуль не вядомая дата чарговага разгляду справы супраць Аляксандра Колышка. Згодна з артыкулам 23.34 яму пагражае штраф ад 20 да 40 базавых велічынь або тэрмін адміністрацыйнага арышту.