Reply to comment
У Мазырскі раённы выканаўчы камітэт мясцовы праваабаронца Уладзімір Целяпун падаў заяву аб правядзенні 3 жніўня пікету салідарнасці з палітзняволенымі. ПЦ "Вясна" таксама нагадвае, што 9 ліпеня гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны падалі ў Гомельскі гарвыканкам заяўку на правядзенне 4 жніўня аналагічнага пікету ў Гомелі.
«Трывогу і абурэнне выклікае наяўнасць палітычных вязняў у Беларусі. Рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў супярэчаць духу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, міжнародна-прававым абавязацельствам і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яны з’яўляюцца недапушчальнымі і ганебнымі для ўсёй краіны», - піша ў заяве Уладзімір Целяпун.
Ён просіць даць распараджэнне адпаведным службам райвыканкама па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі, арганізацыі медыцынскага абслугоўвання пры правядзенні масавага мерапрыемства, прыборцы тэрыторыі пасля яго правядзення, вызначыць парадак аплаты расходаў за гэтыя паслугі.
«Усе мае папярэднія спробы выказаць публічна сваё меркаванне не мелі поспеху, і зараз надзеі мала, што пікет дазволяць. Аднак нагадваць мясцовым чыноўнікам пра выкананне і забеспячэнне правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй, патрэбна», - каментуе праваабаронца.