Reply to comment
Генсакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд зноў заклікаў беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротную кару. Адпаведную заяву ён зрабіў у сувязі з інфармацыяй аб прывядзенні ў выкананне прыгавору аб вышэйшай меры пакарання ў дачыненні да 26-гадовага гамяльчаніна Аляксандра Грунова.
Ягланд падкрэслівае, што глыбока занепакоены інфармацыяй аб трэцяй у гэтым годзе смяротнай кары ў Беларусі, паведамляе БелаПАН.
"Смяротная кара – гэта не правасуддзе. Яна супярэчыць усім еўрапейскім каштоўнасцям, – адзначыў Ягланд. – Я заклікаю ўлады Беларусі неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару і замяніць ужо вынесеныя смяротныя прыгаворы".
Аб тым, што прыгавор у дачыненні да 26-гадовага гамяльчаніна Аляксандра Грунова, асуджанага на смяротную кару, прыведзены ў выкананне, паведамілі напярэдадні беларускія праваабаронцы. Гэта ўжо трэцяя з пачатку года смяротная кара ў Беларусі. Між тым афіцыйнага пацвярджэння таму, што прыгавор прыведзены ў выкананне, пакуль няма.
Напярэдадні таксама стала вядома аб тым, што Аляксандр Лукашэнка адмовіў Аляксандру Грунову ў памілаванні – справа Грунова з адпаведнай паметкай вярнулася ў Гомельскі абласны суд. Паведамлялася таксама, што ўсе працэсуальныя дзеянні па абскарджанні смяротнага прыгавору выкарыстаныя.
Аляксандр Груноў прызнаны вінаватым у забойстве гомельскай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай. Дзяўчына загінула ў верасні 2012 года – ёй было нанесена больш за 100 нажавых раненняў. Гэтае забойства Груноў учыніў праз год пасля адбыцця пакарання за жорсткае збіванне сужыцеля сваёй маці, у выніку якога той памёр.