Reply to comment
Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала заяўку ў Балонскі сакратарыят аб уваходжанні ў Балонскі працэс і далучэнні да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА), паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.
Паводле яго слоў, канферэнцыя міністраў адукацыі краін, якія падпісалі Балонскую дэкларацыю, адбудзецца ў маі 2015 года і на ёй можа быць разгледжана беларускае пытанне.
БелаПАН нагадвае, што гэта ўжо другая спроба Беларусі ўступіць у Балонскі працэс. У 2012 годзе на пасяджэнні Балонскай рабочай групы было прынятае рашэнне зняць заяўку Беларусі з парадку дня. Прычына ў тым, што Беларусь не выконвае прынцыпы Балонскага працэсу, такія як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.
Ці шмат змянілася з тае пары? Маніторынг парушэнняў акадэмічных свабодаў, які праводзіць Грамадскі Балонскі камітэт і маладзёжная прафсаюзная група «Студэнцкая рада» не схіляе да аптымістычных высноваў.
“Як паказвае практыка, у склад Рады ВНУ звычайна уваходзяць "кантраляваныя" студэнты са студсаюзу, БРСМа альбо афіцыйнага прафсаюзу. Часам патрапляюць і добрыя прадстаўнікі, але такіх выпадкаў няшмат. Сітуацыя можа вар’іраваць таксама ў залежнасці ад навучальнай установы”, - адзначае актывіст “Студэнцкай Рады” Алесь Крот.
Такім чынам, прынцыпы Балонскага працэсу выконваюцца пераважна на паперы, а прысутнасць студэнтаў у органах самакіравання ВНУ мае збольшага фармальны характар.