Reply to comment
Актывіст БХД, аўтар кнігі “Гісторыя Міёр” Сяргей Васільеў папярэджаны пра заканчэнне кантракту і звальненне 10 красавіка з Міёрскага РАЙСТ.
Трэба адзначыць, што хаця спецыяльнасць спадара Васільева (гісторык, бібліёграф) не прадугледжвае фізічных нагрузак, ён апошнім часам працаваў на вельмі цяжкіх працах: рабіў на камбікормавым заводзе завальшчыкам, ахоўнікам у краме, грузчыкам на складзе Раённага спажывецкага таварыства.
Цяпер яго папярэдзілі, што кантракт з ім не будзе падоўжаны і ён будзе звольнены. Ды й ужо рабіць цяжкую фізычную працу ён не ў стане па медычных паказаннях.
Чыноўнікі з упраўлення культуры райвыканкама і са службы занятасці ў дапамозе па працаўладкаванню па спецыяльнасці рады не даюць. Нібыта няма вакансіяў. Хаця вядома, што летась у мясцовым краязнаўчым музеі супрацоўніца пайшла ў дэкрэт. Да актывіста дайшлі чуткі, што ёсць неафіцыйны загад: на тэрыторыі раёна Васільева не працаўладкоўваць.
Між тым Сяргей Васільеў з’яўляецца аўтарам кнігі “Гісторыя Міёр”, якая рыхтуецца да друку. Артыкул “Рамяство і гандаль у міжваенных Міёрах” друкаваўся ў часопісе “Архэ”. Рэдактарка мясцовай газеты неяк сказала Сяргею Васільеву, намякаючы на пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе: “Добра пішаце, але з рэпутацыяй праблемы. Не ездзілі б у Мінск, не білі б вокны…”
Сяргей Васільеў займаецца грамадскай дзейнасцю ўжо працяглы час. Праблемы пачаліся з красавіка 2010 года, калі актывіст быў назіральнікам на мясцовых выбарах. Пачаўся ціск у школе, дзе ён працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. У жніўні вымушаны быў звольніцца. Удзельнік Плошчы-2010, сядзеў пад арыштам 15 сутак. Сяргей Васільеў удзельнічаў у антыалкагольнай кампаніі БХД, збіраў подпісы за абмежаванне гандлю алкаголем, распаўсюджваў улёткі пра каштоўнасці Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Цяпер яго, так бы мовіць, “узялі на заметку”, напярэдадні Дня Волі і афіцыйнага Дня незалежнасці пільнуе міліцыя, усяляк спрабуе прэвентыўна абмежаваць ягоную грамадскую актыўнасць.