Reply to comment
Праваабарончыя арганізацыі Amnesty International і “Мемарыял” выступілі з заявамі з нагоды гібелі Барыса Нямцова, заклікаючы ўлады Расіі расследаваць забойства палітыка.
"У сённяшняй абстаноўцы падаўлення свабоды выказвання меркавання, свабоды сходаў і аб'яднанняў хладнакроўна забіты адзін з тых свабодных галасоў, якія ўлады гэтак актыўна імкнуліся заглушыць", – сказаў Дзяніс Крывашэеў, намеснік дырэктара рэгіянальнай праграмы Amnesty International па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
"У Расіі ёсць ужо цэлы спіс нераскрытых палітычных забойстваў і нападаў, расследаванне якіх знаходзілася пад "асабістым кантролем" высокапастаўленых расійскіх палітыкаў. Мы не можам дапусціць, каб імя Барыса Нямцова толькі папоўніла гэты спіс", – адзначыў Крывашэеў.
"Да таго часу, пакуль не будзе ўстаноўлена праўда пра забойства Барыса Нямцова, не спыняцца і чуткі, якія мы чуем ужо зараз. Рознага роду злачынныя элементы могуць скарыстацца імі для правакацыі гвалту вакол маючых адбыцца пратэстных мерапрыемстваў. Расійскія ўлады павінны паклапаціцца аб тым, каб асобы, якія стаяць за забойствам людзей, былі ў аператыўным парадку ўстаноўленыя, а таксама зрабіць усё магчымае для ўсебаковай гарантыі і абароны правоў на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркаванняў усіх аднадумцаў Барыса Нямцова", – заявіў Крывашэеў.
Між тым праваабаронцы з міжнароднага таварыства "Мемарыял" заявілі, што забойства Нямцова было палітычным.
"У апошнія гады і месяцы ўлада Расіі і служачыя ёй сродкі масавай інфармацыі стварылі атмасферу нянавісці да любога іншадумства. Дзяржаўная прапаганда не толькі "высвятляе", падобна пражэктару, мішэнь для забойцаў, але і стварае ў іх адчуванне беспакаранасці. Апазыцыйных і проста незалежных грамадскіх і палітычных актывістаў называюць варожымі агентамі, па сутнасці абвяшчаючы іх "дазволенай мішэньню", – гаворыцца ў паведамленні.
"Сёння мы яшчэ не ведаем імёнаў выканаўцаў, арганізатараў, заказчыкаў злачынства. Але мы можам пэўна сцвярджаць: менавіта расійская ўлада стварыла ўсе перадумовы для забойства Барыса Нямцова", – адзначаюць праваабаронцы “Мемарыялу”.
Паводле spring96.org