Reply to comment
Магілёўскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу палітзняволенага Мікалая Дзядка, якому 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва працягнуў тэрмін зняволення ў турме на 1 год і 3 дні.
Дзядку інкрымінавалі 16 парушэнняў рэжыму ў месцах зняволення, асноўным з якіх з'яўляецца нашэнне замест турэмнай робы спартыўнага касцюма, нагадвае ПЦ "Вясна".
За разглядам скаргі палітвязня ў Магілёве назіралі намеснік старшыні Правабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і сябра рады арганізацыі Уладзімір Лабковіч.
«Калегія абласнога суда ў складзе старшыні Святланы Бурако, суддзяў Юрыя Рудкоўскага і Кацярыны Вайцянковай, а таксама прадстаўніка пракуратуры Амосавай, разгледзеўшы скаргу Мікалая Дзядка, пакінула прысуд суда Ленінскага раёна Магілёва, які працягнуў тэрмін зняволення палітвязню, без задавальнення», — паведаміў Лабковіч.
Праваабаронцы расцэньваюць рашэнне калегіі абласнога суда як працяг пераследу палітычна зняволенага актывіста, указваюць на яго незаконны і палітычна матываваны характар.
Мікалай Дзядок — узяты пад варту з 3 верасня 2010 г., асуджаны 27 мая 2011 г. судом Заводскага раёна Мінска па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэннем суда ад 5 снежня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва. У лістападзе 2014 года на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу па 411-м артыкуле КК РБ за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». 26 лютага 2015 года суд працягнуў яго зняволення на 1 год і 3 дні.