Reply to comment
Палітвязню, які адбывае “хімію” за абразу суддзі, пагражае пакаранне ў выглядзе трох гадоў зняволення за “ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі”.
Судовы працэс над Рубцовым вядзе суддзя Мікалай Рэпіха. Падчас разгляду справы да абеду было заслухана 16 сведкаў: у асноўным прадстаўнікоў адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу ў Купліне і тых, хто адбывае там пакаранне.
Супрацоўнікі спекамендатуры сцвярджалі, што Рубцоў адмаўляўся ад працы, хаця, як асуджаны, абавязаны працаваць. У гэтым і заключаецца паводле іх слоў “ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі”.
Рубцоў сцвярджае, што ніколі не адмаўляўся працаваць катэгарычна. Адмовы ад працы звязаныя з тым, што яго не задавальняў прапанаваны заробак. Амаль усе сведкі з боку асуджаных фактычна пацвердзілі словы палітвязня.
Падчас разгляду ўсплылі супярэчанні ў паказаннях аднаго сведкі у судзе і тых паказанняў, што ён даваў на следстве. Выявіліся пэўныя хібы ў афармленні дакументаў. Некаторыя ключавыя сведкі у першай палове дня не з’явіліся і суддзя прыняў рашэнне абвесціць перапынак у слуханнях да трох гадзінаў і за гэты час даставіць сведкаў у суд.