Reply to comment
Баранавіцкія праваабаронцы і грамадскія актывісты 11 жніўня накіравалі палітвязню Мікалаю Статкевічу каляровую віншавальную тэлеграму з Днём народзінаў, якую першы раз на гарадской цэнтральнай пошце прынялі без пярэчанняў і дадатковых кансультацый.
"Раней тэлеграмы Мікалаю Статкевічу зусім не хацелі браць, сцвярджаючы, што ў турмы віншавальныя тэлеграмы не прымаюцца, аднак пасля скаргі прынялі. Другі раз таксама не хацелі прымаць на беларускай мове, але ўсё ж прынялі, бо запатрабаваў кнігу скаргаў і прапаноў. Таму, нягледзячы на адміністрацыйныя пярэчанні з боку Белпошты, мы штогод стараемся даслаць каляровую паштоўку ці тэлеграму Мікалаю Статкевічу і павіншаваць яго з Днём народзінаў 12 жніўня. І цяпер пажадалі яму найхутчэй выйсці на волю і апынуцца сярод родных, сяброў і аднадумцаў. І ў свеце апошніх падзей мы верым, што хутка такі дзень абавязкова прыйдзе і спадзяёмся, што палітвязень, нягледзячы на ўсе цяжкасці і шматлікія выпрабаванні, хутка будзе на свабодзе", – адзначыў сайту spring96.org Віктар Сырыца.
Віншавальную тэлеграму падпісалі Сяргей Гоўша, Анжаліка Камбалава, Віктар Сырыца, Уладзімір Гундар і Мікалай Чарнавус.
Нагадаем, што Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.
Даслаць Міколу Статкевічу ліст падтрымкі з віншаваннем можна на адрас:
212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4