Reply to comment
Пра актуальнасць парушэння правоў чалавека ў нашай краіне, гаворыцца ў новым штогадовым дакладзе "Правы чалавека ў сучасным свеце", падрыхтаваным праваабарончай арганізацыяй "Міжнародная амністыя" паводле вынікаў 2015 года.
Як паведамляе БелаПАН, у дакуменце гаворыцца, што беларускае заканадаўства абмяжоўвае свабоду слова, аб`яднанняў і мірных сходаў, у краіне працягваюцца пераследы журналістаў, праваабаронцаў, прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў, па-ранейшаму выносяцца прысуды аб смяротным пакаранні. У прыватнасці згадваюцца вынесеныя ў 2015 годзе смяротныя прысуды Сяргею Іванову і Івану Куляшу.
Як падкрэсліваецца ў дакуменце, 1 красавіка 2015 года Камітэт ААН па правах чалавека вызначыў, што пакаранне Алега Грышкаўцова смерцю ў 2011 годзе "ўяўляла сабой парушэнне яго права на жыццё; ён не атрымаў права на справядлівы судовы разбор, а яго прызнанне было атрыманае пад націскам".
"Міжнародная амністыя" нагадвае, што ў жніўні 2015 года былі вызваленыя палітвязні Мікалай Статкевіч, Юрый Рубцоў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка. Пры гэтым падкрэсліваецца, што ў дачыненні да іх прысуды не былі адмененыя і дзейнічаюць шэраг абмежаванняў, у тым ліку прафілактычны нагляд.
У дакладзе адзначаецца, што СМІ знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, а незалежныя медыя і журналісты сутыкаліся з уціскам. У прыватнасці згадваюцца адмовы ў акрэдытацыі і штрафы журналістам, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
Згадваюцца выпадкі блакавання праваабарончага сайта spring96.org, сайтаў навін "Хартыя`97", "Белорусский партизан", а таксама сайтаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
"Міжнародная амністыя" ўключыла ў даклад інфармацыю пра "справу графіцістаў" і жорсткае затрыманне аднаго з яго фігурантаў Вячаслава Касінерава, якому зламалі сківіцу.
У дакладзе крытыкуецца беларускі закон аб масавых мерапрыемствах за немагчымасць правесці масавы сход без дазволу ўладаў. Згадваюцца шматлікія штрафы за правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, у тым ліку палітыкам Мікалаю Статкевічу, Уладзіміру Някляеву і Анатолю Лябедзьку.
"Міжнародная амністыя" адзначае, што ў Беларусі працягвае дзейнічаць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
У дакладзе згадваецца высылка з Беларусі праваабаронцы Алены Танкачовай з-за штрафаў за парушэнні правілаў дарожнага руху і той факт, што ёй неаднаразова адмаўлялі ў пераглядзе гэтага рашэння.
У дакладзе таксама адзначаецца, што прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці працягваюць сутыкацца з "дыскрымінацыяй, запалохваннем і гвалтам". Праваабаронцы прыводзяць выпадак збівання Міхаіла Пішчэўскага, які пасля памёр ад атрыманых траўмаў. Толькі адзін з нападнікаў, гаворыцца ў дакуменце, быў асуджаны і прыгавораны да двух гадоў васьмі месяцаў зняволення за хуліганства, але вызвалены паводле амністыі пасля адбыцця 11 месяцаў прызначанага пакарання.