Reply to comment
У суботу ў Маскве прайшла акцыя журналістаў у падтрымку медыйнай кампаніі РБК, у якой у мінулую пятніцу былі звольненыя трое кіраўнікоў. Грамадзянская супольнасць мяркуе, што звальненні галоўных рэдактараў адбыліся пад ціскам Крамля.
Удзельнікі акцыі сабраліся ля помніка героям Плеўны каля станцыі метр «Кітай-горад» і чыталі услых матэрыялы свежага нумара газет РБК, паведамляе Радыё Свабода.
У акцыі удзельнічалі каля дваццаці чалавек. Таксама ў суботу увечары адзінкавыя пікеты салідарнасці з журналістамі РБК прайшлі на Неўскім праспекце ў Пецярбургу.
У пятніцу стала вядома, што з холдынгу звольненыя шэф-рэдактар расейскай медыякампаніі «Росбизнесконсалтинг» (РБК) Лізавета Асяцінская, галоўны рэдактар газет РБК Максім Солюс, а таксама галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва РБК Раман Баданін.
Кіраўнік Саюза журналістаў Масквы Павел Гусеў звязаў рашэнне аб змене кіраўніцтва РБК з ціскам улады на холдынг. У Крамлі заявілі, што пра ціск на рэдакцыйную палітыку і медыяхолдынг у цэлым «не можа ісці гаворка».
Пад кіраўніцтвам Асяцінскай і Баданіна рэдакцыя РБК займалася гучнымі расследаваннямі. У прыватнасці, яны першымі звязалі праграму пашырэння МДУ з дачкой Уладзіміра Пуціна Кацярынай Ціханавай, а таксама высветлілі, як разбагацеў зяць Пуціна Кірыл Шамалаў.
Журналісты РБК публікавалі расследаванні па матэрыялах «Панамскага архіву», прысвечаныя карупцыі ў найбліжэйшым атачэнні Уладзіміра Пуціна.
Крыніца агенцтва Reuters сцьвярджае, што «апошняй кропляй» у сітуацыі з масавым звальненнем журналістаў з РБК стала незадаволенасць Крамля артыкулам аб будаўніцтве вустрычнай фермы непадалёк ад «Палаца Пуціна» ў Геленджыку — рэзыдэнцыі, будаўніцтва якой абышлося, паводле дадзеных аднаго з падрадчыкаў, у 1 млрд даляраў.