Reply to comment
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці распаўсюдзілі сумесную заяву па сітуацыі з распачатай крымінальнай справай ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі паводле ч. 2. арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
25 лістапада 2016 г. стала вядома, што 14 лістапада Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 2. арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), паведамляе ПЦ "Вясна".
Андрэй Бандарэнка - праваабаронца, вядомы тым, што з 2011 да 2014 года кіраваў праваабарончай ініцыятывай «Платформа», якая назірала за ўмовамі ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, ажыццяўляла абарону грамадзянскіх правоў зняволеных, выкрывала выпадкі жорсткага абыходжання са зняволенымі з боку прадстаўнікоў органаў унутраных спраў, кансультавала зняволеных і іх блізкіх аб іх правах.
У лістападзе 2011 года Андрэй Бандарэнка выступіў у ААН з дакладам аб катаваннях у Беларусі на 47-й сесіі ААН. У 2012 і 2013 гадах «Платформай» апублікаваныя справаздачы па выніках маніторынгу, дзе дзяржава падвяргалася жорсткай крытыцы за парушэнне правоў зняволеных.
Андрэй Бандарэнка ў перыяд яго актыўнай праваабарончай дзейнасці неаднаразова падвяргаўся ціску з боку ўладаў. Так, у 2012 годзе супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі ён быў пастаўлены на прафілактычны ўлік; у тым жа годзе атрымаў афіцыйнае папярэджанне Генеральнай пракуратуры за ўдзел у кампаніі пратэсту супраць правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі. Быў у ліку іншых вядомых палітыкаў, праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў адвольна абмежаваных у выездзе з Беларусі. У 2013 годзе ён адбыў адміністрацыйны арышт за спробу арганізаваць хвіліну маўчання каля следчага ізалятара ў г.Мінску, дзе пры нявысветленых абставінах памёр 21-гадовы мінчук Ігар Пцічкін. У кастрычніку 2012 года па іску Міністэрства па падатках і зборах Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа» ліквідавана, пераемнікам яго дзейнасці стала Культурна-асветніцкая ўстанова «Платформа інавэйшн».
У жніўні 2014 года А. Бандарэнка быў асуджаны па абвінавачванні ў хуліганстве на 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
З пачатку адбыцця пакарання, спачатку ў ПК-2 (Бабруйск, 27.10.2014 – 01.03.2015 гг.) і затым - у ПК-17 (Шклоў, 01.03.2015 – 22.12.2015) ўзнікла небяспека для жыцця і здароўя А. Бандарэнка. Адміністрацыя вышэйзгаданых калоній з усіх магчымых мер абароны зняволенага праваабаронцы выкарыстала толькі адну - змяшчэнне А. Бандарэнкі ў так званае бяспечнае месца, а фактычна - у ізаляваную камеру. Больш за тое, адміністрацыя жорстка рэагавала на фармальнае парушэнне ім дысцыплінарных правілаў. За дадзены перыяд у дачыненні да яго адміністрацыямі папраўчых устаноў 10 раз ўжываліся меры дысцыплінарнага ўздзеяння, у тым ліку 3 разы ў выглядзе змяшчэння ў ШІЗА, 1 раз у выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу. У выніку 05.05.2015 г. А. Бандарэнка быў прызнаны «злосным парушальнікам» парадку адбывання пакарання, у сувязі з чым быў пазбаўлены права на амністыю. 17.12. 2015 г. умовы ўтрымання зняволенага праваабаронцы былі больш жорсткімі - па пастанове суда Шклоўскага раёна ён быў пераведзены для далейшага адбыцця пакарання ў турму да заканчэння тэрміну пакарання.
Адбываючы пакаранне ў папраўчай установе «Турма №4» у г. Магілёве з 22.12. 2015 г. па цяперашні час, А. Бандарэнка 3 разы караўся ў дысцыплінарным парадку, у тым ліку 1 раз у выглядзе змяшчэння ў штрафны ізалятар. Ён знаходзіцца ў адзіночнай камеры, пастаўлены на прафілактычны ўлік як «асоба, схільная да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў». Апошняе спагнанне вынесенае 06.10.2016 г.
Парушэнні, за якія выносіліся спагнанні А.Бандарэнку, складаліся з наступнага: двойчы - адмова ад працаў па калектыўным самаабслугоўванні (прызначаецца выключна з мэтай прынізіць зняволенага і таму лічыцца непрымальнай); ненаведванне сталовай падчас абеду з-за затрымкі на царкоўнай службе; адмове заняць вызначанае адміністрацыяй спальнае месца ў камеры і яшчэ двойчы - у камеры ШІЗА; парушэнні распарадку дня ў камеры і асобна - у ШІЗА; неахайным знешнім выглядзе; двойчы - нетактоўныя паводзіны з супрацоўнікам установы; парушэнні мер ізаляцыі (пры адказе на пытанне пра нумар камеры, які паступіў не ад супрацоўніка турмы падчас канваіравання з прагулкі); затрымцы ў прадстаўленні падчас уваходжання ў камеру супрацоўніка турмы.
Усе спробы абскардзіць прадузятыя і неабгрунтаваныя спагнанні з боку адміністрацыі папраўчых устаноў у Дэпартаменце выканання пакаранняў, органах пракуратуры і судах застаюцца беспаспяховымі. Праваабаронца атрымлівае фармальныя адмовы, зафіксаваныя факты адмовы ў правасуддзі ў дачыненні да А. Бандарэнкі, калі яго скаргу на пастаноўку на прафілактычны ўлік як «асобы, схільнай да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў» суд Ленінскага раёна г.Магілёва адмовіўся разглядаць, перанакіраваўшы яе ў ДВП; гэтую ж скаргу суд Шклоўскага раёна ўвогуле не стаў разглядаць.
У чэрвені 2016 года А. Бандарэнка быў афіцыйна папярэджаны аб магчымасці прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі". 14 лістапада крымінальная справа была ўзбуджаная.
Андрэй Бандарэнка павінен быў выйсці на свабоду 31 сакавіка 2017 года пасля заканчэння тэрміну пакарання, аднак новыя абвінавачванні супраць яго па арт. 411 КК могуць прывесці да паўторнага асуджэння на тэрмін да двух гадоў пазбаўлення волі.
Наяўнасць у Крымінальным кодэксе і практыка прымянення арт. 411 неаднаразова выклікала крытыку з боку праваабарончай супольнасці Беларусі, паколькі дадзены артыкул можа адвольна і выбарачна прымяняцца па ініцыятыве адміністрацыі папраўчых устаноў у дачыненні да непажаданых зняволеных, у тым ліку і ў мэтах палітычна матываванага крымінальнага пераследу.
Мы асуджаем узбуджэнне новай справы ў дачыненні да зняволенага Андрэя Бандарэнкі. Нягледзячы на тое, што прысуд, вынесены ў дачыненні да яго ў 2014 г., не быў звязаны з яго праваабарончай дзейнасцю, мы лічым, што паўторны крымінальны пераслед з'яўляецца формай палітычна матываванага ціску, звязанага з яго ранейшай праваабарончай дзейнасцю.
У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ крытэрыі, якія прымяняюцца намі, будуць дазваляць кваліфікаваць яго ў якасці палітычнага вязня.
Мы патрабуем:
- Спыніць палітычна матываваны неабгрунтаваны пераслед А. Бандарэнкі па новых абвінавачваннях;
- Перагледзець з захаваннем прынцыпаў справядлівасці і аб'ектыўнасці звароты і скаргі А.Бандарэнкі;
- Праверыць законнасць і суразмернасць накладзеных спагнанняў, маючы на ўвазе, што адмена тых з іх, што накладзеныя незаконна і несправядліва, стане падставай для змякчэння рэжыму ўтрымання А. Бандарэнкі або ўмоўнага скарачэння тэрміну пакарання.
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
ПУ «Цэнтр прававой трансфармацыі»
Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»
Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт"
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
Беларускі дакументацыйны цэнтр