Reply to comment
Лагойская пракуратура адмаўляецца праводзіць сваю праверку заявы у пракуратуру ад праваабаронцаў адносна прымусовай працы працоўных у Лагойскім раёне па прыборцы лесапаласы.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які звярнуўся ў пракуратуру Мінскай вобласці па факце, пасля таго, як Лагойская пракуратура адмовілася праводзіць сваю праверку, адзначае, што адзін за адным райвыканкамы выдаюць распараджэнні да кіраўнікоў розных дзяржпрадпрыемстваў па накіраванні супрацоўнікаў у вызначаннай колькасці для дапамогі на прыборках. Пры гэтым, адказ на зварот праваабаронцы у пракуратуру Лагойскага раёна быў нібыта пад капірку спісаны з адказу пракуратуры Вілейскага раёна, куды праваабаронца звяртаўся па фактах прымусовай працы на прыборцы кукурузы, паведамляе сайт spring96.org.
"Пракурор Лагойскага раёна ўхіліўся ад правядзення праверкі па фактах, указаных у публікацыі партала ТУТ.бай. Згодна з ягоным адказам на мой зварот, у пракуратуру Лагойскага раёна не паступалі заявы грамадзян аб іх прымусовай працы, а да маёй заявы не прыкладзеныя дакументы, якія падцвярджаюць мае паўнамоцтвы на зварот ад імя іншых асоб", - даводзіць да ведама пракурора Мінскай вобласці Валянцін Стэфановіч.
“Усе факты, якія сталі нам вядомыя апошнім часам на прыкладзе розных раёнаў Мінскай вобласці, сведчаць пра тое, што прымусовая праца ў Беларусі носіць сістэмны і сістэматычны характар. А органы пракуратуры ў сваю чаргу ніяк на гэта не рэагуюць, яны самаўхіляюцца і не абараняюць правы грамадзян”, - адзначае Валянцін Стэфановіч.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” мае намер інфарміраваць пра практыку прымусу, якая склалася ў краіне, Міжнародную арганізацыю працы і Камітэт ААН па сацыяльных, эканамічных і культурных правах.
ПЦ "Вясна" нагадвае, аналагічная сітуацыя здарылася летам 2016 года ў Глускім раёне, калі мясцовы выканкам выдаў распараджэнне “Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў”. Тады праваабаронцы таксама звярталіся ў пракуратуру Глускага раёна і выратавалі ўвесь раён ад прымусовай працы.