Reply to comment
З 1 лютага 2017 года ўступіў у дзеянне новы дакумент СТБ 1100-2016, які абавязвае наносіць на прадукцыю інфармацыю для спажыўца па- руску альбо па-руску і па-беларуску.
У артыкуле 4 дакумента гаворыцца: «Інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на рускай або рускай і беларускай мовах». Выходзіць, што выключна па-беларуску інфармацыю нанесці нельга.
Бізнесовец Павал Касцянкоў, на якога спасылаецца “Наша Ніва” звяртае ўвагу, што гэты стандарт супярэчыць закону «Аб мовах», у артыкуле 30 якога гаворыцца: «Маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстанні таварамі выконваюцца на беларускай або рускай мове. Маркіроўка тавараў, прызначаных на вываз за межы Рэспублікі Беларусь, выконваецца на беларускай ці рускай мове або на мове заказчыка. Назвы ў таварных знаках падаюцца на беларускай або рускай мове».
Павел Касцянкоў кажа, што пасля такога вырашыць увогуле адмовіцца ад беларускай мовы, бо рабіць этыкеткі на дзвюх проста нявыгадна для яго.
З падобнай праблемай таксама сутыкнуліся яшчэ адны вытворцы вады — «Нарач». Намеснік генеральнага дырэктара Наталля Бародзіч кажа, што яны звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай дарэалізаваць прадукцыю са старой маркіроўкай, бо беларускамоўных этыкетак у іх яшчэ на 14700 рублёў, а таксама спаслаліся на нелагічнасць СТБ 1100-2016.
А вось новы разліў будуць выконваць у тару з рускамоўнай этыкеткай. Рабіць на дзвюх мовах у прадпрыемстве таксама не бачаць сэнсу. Да гэтага больш за пяць гадоў «Нарач» была выключна беларускамоўнай у афармленні.
Выглядае, што і астатнія рэдкія вытворцы, якія карысталіся ў афармленні сваёй прадукцыі беларускай мовай, могуць адмовіцца ад яе.
Відавочна, што абавязковае патрабаванне наносіць інфармацыю пра тавар на рускай мове з’яўляецца дыскрымінацыйным для носьбітаў беларускай мовы, паколькі схіляе вытворцаў да рускамоўнага афармлення тавараў.