«Маладому фронту» зноў адмовілі ў рэгістрацыі

s-061027mf.jpg

Вярхоўны суд Беларусі сёньня разгледзеў скаргу незарэгістраванага моладзевай арганізацыі «Малады фронт» да ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму. Нагадаем, што сёлета гарадзкія чыноўнікі ўжо двойчы адмаўлялі «маладафронтаўцам» у рэгістрацыі. Адмовы прыходзілі з прычыны таго, што «арганізацыя заклікае да гвалтоўнай зьмены ўлады ў краіне, прапагандуе вайну, міжнацыянальную і расавую варожасьць».

У сярэдзіне жніўня першую скаргу «МФ» разглядаў Менскі гарадзкі суд . Судзьдзя Салаўёва прызнала падставы для адмовы ў рэгістрацыі арганізацыі цалкам абгрунтаванымі.

На гэтым «маладафронтаўцы» не спыніліся, дайшоўшы да Вярхоўнага суду. Калегія Вярхоўнага суду пад старшынствам судзьдзі Самалюка сёньня заслухала тлумачэньні «маладафронтаўцаў» Насту Лойка, Зьмітра Шымановіча і Барыса Гарэцкага. З словам выступілі прадстаўнікі грамадзкасьці — праваабаронцы Алена Танкачова, Вольга Смаленка і Юры Чавусаў. Упраўленьне юстыцыі прадстаўляў спадар Заноўскі.

Пасьля таго, як былі заслуханыя абодва бакі, быў абвешчаны 15‑хвілінны перапынак. У выніку Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі.

 

Наша Ніва