Абмежаванне доступу да інфармацыі, як перашкода ў працы журналіста
Правапрымяняльная практыка, датычная абароны правоў журналіста ў Беларусі, сведчыць аб тым, што незалежныя журналісты застаюцца безабаронныя перад дзяржаўнай машынай, якая нібыта існуе, каб стаяць на варце гэтых правоў.
Апошнія яскравыя доказы такога сцвярджэння - выпадкі з Паўлам Дабравольскім і Кастусём Жукоўскім. За апошнія гады ў Беларусі не было чуваць аб справах па перашкодзе працы журналісту, хаця выпадкаў такіх перашкод даволі многа. Віна ў іх адсутнасці ляжыць не толькі на органах дзяржаўнага кіравання, якія імкнуцца да закрытасці, але і на ўласна журналістах, якім не стае цярпення, жадання і ведаў для працяглай вайны за свае правы.
Проста адмову ў праве журналіста атрымаць інфармацыю з органа дзяржкіравання ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам немагчыма разглядаць як парушэнне. Беларускае заканадаўства не абавязвае чыноўніка прадастаўляць журналісту інфармацыю. З гэтага вынікае, што беларускі незалежны журналіст мусіць шукаць іншыя крыніцы здабыцця інфармацыі, а да чыноўнікаў звяртацца ў асноўным за пацверджаннем ці абвяржэннем здабытай інфармацыі. У дадзеным выпадку нават адмова каментавання чыноўнікам таго ці іншага пытання будзе аўтаматычным і красамоўным пацверджаннем ужо вядомага журналісту меркавання.
Разам з тым нельга адмаўляцца ад выкарыстання прававых рычагоў адстойвання правоў журналіста. Пры гэтым звароты ў суд, пракуратуру, іншыя структуры павінны максімальна агалошвацца, то бок кожны крок журналіста ў абарону сваіх правоў мусіць асвятляцца ў прыязнай да яго прэсе. Пры чым усе паведамленні такога кшталту мусяць змяшчаць дакладныя дадзеныя як журналіста, так і яго "крыўдзіцеля". Адказы на звароты таксама мусяць асвятляцца. Такая публічнасць, па сутнасці, ёсць мацнейшым за ўласна звароты ў разнастайныя інстанцыі сродкам. Таму ні ў якім разе журналісту нельга замоўчваць свае дзеянні па абароне ўласных правоў.
Журналісту варта памятаць, што ён жыве ў Беларусі пачатку ХХІ стагоддзя, дзе маюцца вялікія праблемы з правамі чалавека і правамі журналіста ў прыватнасці. У той жа час ён мусіць ведаць, як павінны абстаяць справы ў гэтай сферы і да чаго трэба імкнуцца, каб палепшыць існуючую сітуацыю.
Параіць, што рабіць у кожнай канкрэтнай сітуацыі, не магчыма. Агульным ёсць правіла - не супраціўляцца злу гвалтам, у кожным выпадку парушэння правоў звяртацца да праваабаронцаў і юрыстаў, заўсёды фіксаваць парушэнні, заўсёды даваць інфармацыю аб ходзе абароны сваіх правоў юрыдычнымі чынам.
Пры зваротах да праваабаронцаў і юрыстаў, у прыватнасці БАЖ, неабходна памятаць, што яны - памочнікі і спадарожнікі журналіста, але асноўны абавязак па абароне журналістам яго правоў ляжыць выключна на ім самім.
Заявы ў разнастайныя інстанцыі на прыкладзе канфлікту карэспандэнта БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча і старшыні Магілёўскага аблсавета Анатоля Ісачанкі - у даданых файлах.