Акцыя салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам

Менскія спэцназаўцы разагналі акцыю салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам. Каля 30 актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху на гадавіну зьняволеньня ваўкавыскіх прадпрымальнікаў сталі на Кастрычніцкай плошчы зь іх партрэтамі. Праз тры хвіліны ўсіх удзельнікаў затрымалі і адвезьлі ў міліцыю. Усе затрыманыя цяпер на волі.

Сябры затрыманых актывістаў больш за дзьве гадзіны тэлефанавалі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску, дзе ім не давалі ніякай інфармацыі наконт затрыманых удзельнікаў акцыі. 

А 6-й вечара на Кастрычніцкай плошчы прадстаўнікі розных моладзевых арганізацый сталі з партрэтамі Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі, якія сёньня год як знаходзяцца за кратамі.

Адразу ж да іх падбеглі спэцназаўцы і міліцэйскае кіраўніцтва сталіцы. Ззаду пад’ехалі два аўтобусы. Маладыя людзі селі на брук і схапіліся за рукі.

Лідэр кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель распавёў, што было далей:

“Мы счапіліся за рукі, каб нас па адным не вырывалі. Тым ня менш ланцуг разарвалі. Некаторых зьбівалі, калі цягнулі ў аўтобус. Камусьці разьбілі акуляры… Цягнулі за валасы, за ногі. Вельмі жорстка. Ужо тры-чатыры месяцы такога жорсткага абыходжаньня я ня бачыў”.

У міліцыі Цэнтральнага раёну Менску затрыманых актывістаў дэмакратычнага руху двума ланцугамі паставілі ў калідоры тварам да сьцяны. Тых, каго ўпершыню прывезьлі ў міліцыю, павялі на дактыляскапію. Іх таксама зьнялі на фота і відэакамэру, як падазраваных у крымінальным злачынстве.

Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч разам зь некалькімі актывістамі трапіў у другі аўтобус. Ён паведаміў, што ім пашанцавала, бо іх туды не цягнулі і абыходзіліся больш-менш карэктна.

“Мяне не цягнулі за рукі за ногі, а завялі ў аўтобус разам з трыма актывістамі. Потым па дарозе спыніліся і нас перавялі ў першы аўтобус. Не зьбівалі, нават ніякіх славесных абразаў не было.

У міліцыі спачатку прымусілі выгрузіць усе рэчы зь кішэняў і пакласьці іх у шапкі. Гэта ўсё склалі ў адным з пакояў. Нас прымусілі стаяць у калідоры тварам да сьцяны. Вось такім чынам стаялі зь дзьве гадзіны, а потым пачалі нас адпускаць”.

Артуру Фінькевічу сёньня споўнілася 25 гадоў. Свой дзень народзінаў ён вырашыў адзначыць такім чынам.

“Натуральна, калі мае паплечнікі вырашылі выйсьці сёньня на плошчы, я ня мог не пайсьці, таму што гэта выглядала б непрыстойна. У любым выпадку я лічу, што, калі ёсьць акцыя салідарнасьці з палітзьняволенымі, то варта хадзіць на гэтыя акцыі, тым больш мне.

Я таксама быў у такой сытуацыі, як цяперашнія палітвязьні. Я разумею наколькі важная такога кшталту падтрымка”.

У пастарунак міліцыі акрамя лідэраў Артура Фінькевіча і Яўгена Афнагеля трапілі актывісты “Маладой Беларусі” Павал Пракаповіч, Андрэй Кузьмінскі, лідэр моладзі БНФ Андрусь Крэчка, актывісты “Маладога фронту” Людвіся Атакулава, Мікола Дземідзенка, Уладзімер Яроменак, актывісты кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Паліна Кур’яновіч, Максім Вінярскі, Ірына Пятрова, Наста Тумашык, Юлія Глушыцкая і Кацярына Людвіг.

Затрыманыя ўдзельнікі пікету заявілі, што абавязкова будуць удзельнічаць у вулічных акцыях. Найбліжэйшая адбудзецца 14 лютага ў дзень сьвятога Валянціна. Празь дзень 16 лютага — акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі.

 

Паводле svaboda.org

 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.