Аляксандр Атрошчанкаў: «У турме яшчэ больш адчуваеш сваю правасць»
З спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна працягваюць выхадзіць актывісты апазіцыі, затрыманыя напярэдадні і ў дзень святкавання 89-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Учора на волю выйшаў моладзевы актывіст Аляксандр Атрошчанкаў. Актывіста затрымалі ўвечары 24 сакавіка і прысудзілі да пяці сутак арышту. Пры затрыманні яго збілі і закулі ў кайданкі. “Затрыманне адбывалася досыць жорстка. Па дарозе дахаты, каля станцыі метро “Пушкінская”, на мяне аднаго накінуліся не менш за дзесяць супрацоўнікаў палка міліцыі адмысловага прызначэння ў цывільным. Павалілі ў бруд, надзелі кайданкі, некалькі разоў стукнулі па нагах, адзін раз па галаве. Потым адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе склалі пратакол, што я нібыта нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы. У аддзяленні мне стала дрэнна, моцна балела галава. Калі прыехала “хуткая дапамога”, высветлілася, што ў мяне падвышаны ціск. Мне зрабілі ўкол, але ў шпіталь не забралі. На целе пасля збівання засталіся сінякі, удары, на руках – сляды ад кайданкоў”, – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Атрошчанкаў.
Па словах моладзевага актывіста, на судовым працэсе па яго справе не было сведак. “Не было ні міліцыянераў з боку абвінавачвання, ні сведак абароны. Суддзя Фрунзенскага суду Пётр Пятровіч Калубака вынес мне прысуд на падставе міліцэйскага пратаколу”, – сказаў Атрошчанкаў.
У камеры спецпрыёмніка-размеркавальніка з Аляксандрам Атрошчанкавым сядзелі 8 “палітычных”, таму было лягчэй пераносіць арышт псіхалагічна. Аднак было вельмі цяжка без прадуктовых перадач, якія, паводле новага КаАП, забаронена перадаваць асуджаным за адміністрацыйныя правапарушэнні.
“Акрэсцінскай” ежы бракавала. Сняданак – у 7.30, а абед выдавалі каля 18.00, ужо праз гадзіну – скупая вячэра. Гэта значыць, цэлы дзень, амаль 12 гадзін, мы павінны былі абыходзіцца без ежы. За пяць дзён схуднеў на тры кілаграмы без галадоўкі”, – сказаў актывіст.
Арышт напярэдадні Дня Волі Аляксандр Атрошчанкаў тлумачыць тым, што “ўлады спрабавалі затрымаць як мага больш актывістаў і запалохаць патэнцыйных удзельнікаў акцыі”.
“Апошнімі днямі напярэдадні акцыі было адчуванне, што ў горадзе ўвялі ваеннае становішча, але чамусьці забылі яго абвясціць. Але такімі бязмежнымі пасадкамі ідэя турмы настолькі дэвальваваная, што, седзячы ў турме, не пачуваешся ізгоем, наадварот яшчэ больш адчуваеш сваю правасць. Асабліва калі сустракаць цябе з турмы прыходзяць дзесяткі, часам незнаёмых, людзей”, – гаворыць моладзевы актывіст.