А.Мілінкевіч сустракаецца з Д.Тускам

У панядзелак 17 сакавіка Аляксандар Мілінкевіч сустракаецца са старшынёю Рады міністраў Польшчы Сп. Дональдам Тускам. У парадку дня перамоваў лідэра Руху “За Свабоду” з кіраўніком польскага ўраду пытаньні, зьвязаныя з разьвіцьцём далейшага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі ЭЗ.

У прыватнасьці, размова пойдзе пра крокі па спрыяньні эўрапеізацыі Беларусі праз інфармаваньне беларусаў пра перавагі эўрапейскага выбару, адукацыю новы  новых упраўленчых кадраў і выпрацоўку “дарожнай карты” эўрапейскай інтэграцыі для Беларусі.
Будуць абмеркаваныя працяг і далейшае пашырэньне польскіх праграмаў па падтрымцы грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Сярод найбольш вядомых прыкладаў польскае дапамогі можна працытаваць праграму імя К.Каліноўскага, незалежны беларускі канал “Белсат”, Радыё Рацыя.

Я таксама буду ўздымаць вельмі балеснае для беларусаў пытаньне кошту шэнгенскіх візаў і спрашчэньня працэдураў па іхным атрыманьні, дадаў Аляксандар Мілінкевіч.
Апроч гэтага, размова пойдзе пра магчымасці польска-беларускага супрацоўніцтва ў сфэры малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама пра развіцьцё трансмежавых кантактаў і турызму.
Польшча – гэта краіна, якая найбольш заангажаваная ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Такая падтрымка і салідарнасьць з боку Польшчы – гэта найлепшая інвестыцыя ў будучыя самыя прыязныя дачыненьні з дэмакратычнай Беларусьсю. А менавіта гэта адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам беларускага і польскага народаў.