Андрэй Клімаў піша з ізалятара, што не хапае ежы
Пайшоў другі месяц, як быў арыштаваны апазыцыйны лідэр Андрэй Клімаў. Яго падазраюць у закліках скінуць уладу, якія нібыта зьмяшчаліся ў ягоным артыкуле, які з’явіўся ў інтэрнэце.
4 траўня жонка палітыка Тацяна перадала ў Менскі следчы ізалятар чарговую перадачу, якую яна падрыхтавала з улікам зьвестак ад мужа. У апошнім лісьце з турмы Андрэй Клімаў напісаў, што яму бракуе харчаваньня.
“Вырашыла ўзмацніць перадачу коштам калярыйных прадуктаў. Выключыла садавіну і гародніну, а замест іх паклала больш сала, мяса, каўбасаў. Карацей, каб было больш калёрыяў. Каб ані ён, ані ягоныя суседзі ў камэры не адчувалі голаду, паколькі ўжо абмежавалі вагу перадачы 15 кіляграмамі разам з рэчамі”, — распавяла жонка Клімава “Радыё Свабода”.
Дзяжурны Менскага сьледчага ізалятару сказаў, што ўсе вязьні атрымліваюць харчаваньне паводле нормаў — і скаргаў на недахоп ежы няма.
Як ідзе сьледзтва ў справе Андрэя Клімава? Сам Клімаў напісаў, што яго “ўжо даўно не выклікалі на допыт”.
Сьледчы менскай гарадзкой пракуратуры Анатоль Гадун камэнтаваць сьледзтва адмаўляецца. Паводле сьледчага, “справа вядзецца паводле пляну”.
Нагадаем, Андрэй Клімаў быў арыштаваны 3 красавіка. Падставай для абвінавачаньня стаў ягоны артыкул у інтэрнэце. Паводле сьледзтва, у гэтым артыкуле апазыцыянэр заклікаў скідаць дзейную ўладу.
Вядома, што Андрэй Клімаў сваёй віны не прызнае й адмаўляецца ўдзельнічаць у сьледчых дзеяньнях.
Тацяна Клімава паскардзілася на тое, што апошнім часам іхнае ліставаньне з мужам прыпынілася:
“Тры дні ўжо няма ад яго лістоў. Звычайна мы кожны дзень ліставаліся, я пішу кожны дзень, і ён таксама. Але вось ужо тры дні ад яго няма лістоў, і я непакоюся”, -- паведаміла жанчына.
Гэта трэці арышт Андрэя Клімава за час ягонай палітычнай дзейнасьці, якая пачалася ў 1995 годзе. Раней палітык адседзеў больш як чатыры гады паводле абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах, а пазьней адбыў болей за пятнаццаць месяцаў “хіміі” за арганізацыю вулічнай акцыі пратэсту.