Андрэй Клімаў тыдзень знаходзіцца ў ізалятары

3 красавіка ў Менску быў арыштаваны апазіцыйны лідэр Андрэй Клімаў. За публікацыю ў інтэрнэце артыкула палітыку прад`яўленае абвінавачванне ў парушэнні часткі 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі (заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі). Цяпер Андрэй Клімаў знаходзіцца ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яму пагражае ад аднаго да пяці гадоў пазбаўлення свабоды.

Следчы менскай пракуратуры Анатоль Гадун, які расследуе справу Андрэя Клімава, адмаўляецца размаўляць з журналістамі. Нічога не паведамляюць пра ўмовы, у якіх цяпер знаходзіцца Клімаў, і ў менскім следчым ізалятары.

Раней Андрэй Клімаў правёў у турме 4 гады па абвінавачанні ў эканамічных злачынствах, але сам палітык лічыць, што ён быў асуджаны за актыўны ўдзел у кампаніі імпічменту прэзідэнту Лукашэнку. У 2005 годзе суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў Клімава да 1,5 гадоў абмежавання волі за арганізацыю вулічнай акцыі 25 сакавіка. У снежні 2006 года ён выйшаў на свабоду.

У цэлым Клімаў правёў за кратамі 5,5 гадоў. Палітык быў прызнаны Вязнем Сумлення.

Інфармацыя Хартыі 97