Андрэя Клімава арыштавалі
Пракуратура Менску абвінаваціла дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, былога прадпрымальніка Андрэя Клімава ў закліках да зьвяржэньня існуючага ладу. Ён абраў мерай стрыманьня для палітыка – арышт. Андрэя Клімава змесцілі ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага, дзе ён будзе знаходзіцца да суду.
Спачатку пракуратура распачала крымінальную справу супраць Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Падставай для крымінальнай справы стала публікацыя Андрэя Клімава, разьмешчаная на інтэрнэт-сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі пад загалоўкам “Revolution forever или Как правильно свежевать цыганского кабана в год свиньи”. У артыкуле Андрэй Клімаў піша пра асабістую датычнасьць Аляксандра Лукашэнкі да выкраданьняў і забойстваў лідэраў беларускай апазыцыі.
Андрэя Клімава ня першы раз абвінавачваюць у паклёпе на кіраўніка Беларусі. У 2005 годзе крымінальную справу за паклёп на прэзыдэнта разглядалі ў Першамайскім раённым судзе Менску за зачыненымі дзьвярыма, але суд вярнуў справу на дапрацоўку. А потым Андрэя Клімава суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў абмежаваньнем волі за арганізацыю вулічнай акцыі 25 сакавіка 2005 гуду. У сьнежні 2006 году ён выйшаў на свабоду.
Раней Андрэй Клімаў правёў у турме 4 гады па абвінавачваньні ў эканамічных злачынствах, але сам палітык лічыць, што ён быў асуджаны за актыўны ўдзел у кампаніі імпічмэнту прэзідэнту Лукашэнке. Клімаў быў прызнаны Вязьнем Сумленьня.
Інфармацыя: Хартыя`97