Бацьку моладзевага актывіста Яраслава Грышчэні пагражаюць звальненьнем

Як стала вядома ПЦ "Вясна", Сяргей Міхайлавіч Грышчэня, бацька рэгіянальнага моладзевага актывіста, быў выкліканы ў аддзел ідэалогіі Баранавічскага заводу будаўнічых дэталяў і канструкцый, дзе ён працуе брыгадзірам, і атрымаў "прапанову" звольніцца па ўласным жаданьні, бо нібыта ён сябра незалежнага прафсаюзу, а гэта не сумяшчальна з ягонай пасадай на заводзе. Аднак сп.Грышчэня не ўваходзіць ні ў які прафсаюз, акрамя таго мае працоўны кантракт да 2009 году. У адваротным выпадку адміністрацыя прадпрыемства пагражае звольніць Сяргея Міхайлавіча сама. Зразумела, што такім чынам аказваецца псіхалагічны і адміністратыўны ціск на чалавека, сын якога актыўна змагаецца за дэмакратычныя зьмены на Беларусі, у сувязі з чым Яраслаў Грышчэня 10 верасьня прадстане перад судом па абвінавачаньню ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт".