Восем гадоў таму зьнік Зьміцер Завадзкі

Сёньня спаўняецца восем гадоў з моманту зьнікненьня апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ (цяпер — «Первый канал») Зьмітра Завадзкага.

7 ліпеня 2000 году Завадзкі, які ў свой час працаваў асабістым апэратарам прэзыдэнта Беларусі, адправіўся ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» сустракаць свайго калегу — журналіста ОРТ Паўла Шарамета. З таго часу Завадзкага ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватай выкраданьні Завадзкага групу былога байца спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і прыгаварыў двух чалавек да пажыцьцёвага зьняволеньня. У сакавіку 2004 году рэспубліканская пракуратура прыпыніла расьсьледаваньне справы аб выкраданьні Завадзкага «ў сувязі зь неадшуканьнем бязь вестак зьніклай асобы». У 2005 годзе расьсьледаваньне было адноўлена.

На прэс‑канфэрэнцыі 25 чэрвеня гэтага году генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што сытуацыя са справамі аб «гучных зьнікненьнях» знаходзіцца на кантролі ў пракуратуры. У прыватнасьці, адказваючы на пытаньне аб тым, як прасоўваецца сьледзтва па справах аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і палітыка Віктара Ганчара, сп. Васілевіч сказаў:

«Пытаньне аб вышуку зьніклых бязь вестак — адно з галоўных для нас. Мы яго разглядалі на міжведамаснай камісіі й вернемся да яго ў пятніцу. Але хачу зазначыць, што за апошнія пяць ці сем гадоў зьніклі бязь вестак больш як 48 тысяч людзей. Зь іх 99% урэшце рэшт аб’явіліся самі». «Але, безумоўна, гэтае пытаньне ў полі зроку пракуратуры», — падкрэсьліў генпракурор.

Тым часам улады Менску адмовілі ўдаве Завадзкага Сьвятлане ў правядзеньні пікету з нагоды восьмай гадавіны зьнікненьня яе мужа. Заяўка на правядзеньне акцыі каля гарадзкой ратушы на плошчы Свабоды з 19.00 да 20.00 была пададзена 21 чэрвеня. Менгарвыканкам адхіліў яе на той падставе, што ўдзельнікі пікету могуць перашкодзіць руху пешаходаў і транспарту.

Пікет, прымеркаваны да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, плянавалася таксама правесьці ў Берасьці каля тэатру драмы і музыкі. Аднак гарвыканкам не дазволіў праводзіць акцыю ў цэнтры гораду.

 

Паводле Нашай Нівы