Вячорка, Хведарук і Шыла далі прысягу
Старшыня моладзі БНФ Франак Вячорка, актывісты “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук і Іван Шыла прынялі вайсковую прысягу. Усіх траіх апазыцыянэраў затрымалі і адвезьлі ў вайсковыя часткі гвалтоўна. Назіральнікі адзначаюць шматлікія парушэньні заканадаўства. Бацькі навабранцаў лічаць, што трэба патрабаваць у судовых інстанцыях выкананьня закону аб вайсковым абавязку.
Франка Вячорку сёньня пераводзяць у Мазыр, дзе ён будзе служыць у радыётэхнічнай брыгадзе, якая будзе сачыць за палётамі самалётаў. Франак паведаміў, што першыя паўтара тыдня прайшлі добра, але пры гэтым падкрэсьліў, што ёсьць мільён лепшых спосабаў, як правесьці час.
У Жодзінскую вайсковую частку, дзе прымаў прысягу Зьміцер Хведарук, прыехалі прадстаўнікі амбасадаў Швэцыі, ЗША і Чэхіі.
Зьміцер мае аптымістычны настрой. Кіраўніцтва часткі вырашыла не накіроўваць Зьмітра на вучобу, а пакінуць служыць у Жодзіна.
Івана Шылу наведалі сваякі і паплечнікі з “Маладога фронту”.
Іван, дарэчы, будзе яшчэ абскарджваць у судовых інстанцыях сваё затрыманьне і прызыў у войска без мэдычнага абсьледаваньня.
Франак Вячорка, Іван Шыла і Зьміцер Хведарук паведамілі, пра добрае да іх стаўленьне з боку кіраўніцтва і салдатаў. Яны не скардзяцца на ўмовы, у якіх апынуліся. Усе прэтэнзіі выказваюцца выключна ў бок ваенкаматаў, якія бездакорна выконвалі ўсе каманды людзей у цывільным.
Паводле Радыё Свабода
Post new comment