Галадоўка ў салідарнасьць з палітвязьнямі
Галадоўку на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам пачалі сёньня прадстаўнікі беларускай апазыцыі.
Першымі ва ўправе БНФ акцыю падтрымкі пачалі чальцы “Маладога фронту”: Наста Палажанка, Арцём Дубскі, Андрусь Цянюта і Мікола Дземідзенка. Да іх далучыўся і старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.
Наста Палажанка кажа: акцыя будзе бестэрміновай, пакуль патрабаваньні сёньняшніх палітвязьняў ня будуць выкананыя. А свой удзел у галадоўцы дзяўчына тлумачыць так:
Я б хацела зьвярнуцца да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Няхай ён не сумняецца — у Беларусі ёсьць тыя людзі, якія не забыліся і не забудуцца на годнасьць і салідарнасьць. Тыя людзі, якія гатовыя ахвяраваць жыцьцём за сваю краіну, за сваіх сяброў і за сваіх паплечнікаў. Таму з боку “Маладога фронту” ў гэтай галадоўцы прымаюць удзел Андрэй Цянюта, Мікалай Дземідзенка, Арцём Дубскі і я.
Хачу зазначыць: галадоўка сапраўдная толькі тады, калі ставіш на кон сваё жыцьцё. Мікалаю Аўтуховічу больш нічога не засталося, як у турэмных умовах абвясьціць на знак пратэсту галадоўку. Сапраўды, адчувае сябе ён вельмі кепска. Таму мы, найперш моладзь, разумеем адказнасьць. Тую адказнасьць, дзеля чаго ён жыве, чаму ён хоча ахвяраваць сваё жыцьцё. Гэта — адказнасьць за справядлівасьць. І мы таксама хочам яе ўзяць. Узяць яе на свае плечы“.
Пра свой намер далучыцца да акцыі салідарнасьці ў розны час заявілі сёньня Аляксандар Казулін, Андрэй Кім, Вячаслаў Сіўчык, Сяргей Скрабец, Мікола Статкевіч. Усяго пра намер удзельнічаць у галадоўцы паведамілі ўжо 15 чалавек.
Паводле радыё Свабода
Post new comment