Год Плошчы Каліноўскага
Роўна год таму, 19 сакавіка 2006 года, у Менску пачаліся шматтысячныя пратэсты беларусаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Кастрычніцкая плошча, на якую людзі выйшлі адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў, была перайменаваная ў плошчу беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.
Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю свабоднымі і справядлівымі. Незалежныя эксперты сцвярджаюць, што адзіны кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч набраў больш за 30% галасоў беларусаў і большасці менчукоў. З улікам таго, што за двух іншых кандыдатаў прагаласавала каля 20 адсоткаў і шмат людзей галасавалі супраць усіх, Мілінкевіч павінен быў выйсці ў другі тур супраць Лукашэнкі. Нядаўна і сам Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя.
За пратэстам беларусаў тады сачыў увесь свет – беларускае слова “плошча” гучала на ўсіх тэлеканалах.
16 сакавіка ў свеце распачаўся “тыдзень салідарнасці з Беларуссю”, прымеркаваны да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Працягнуцца акцыі да 25 сакавіка, калі беларусы зноў выйдуць на плошчу Каліноўскага, каб адзначыць нацыянальнае свята Дзень Волі.