Гомельскія міліцыянты затрымалі актывістаў за “сьвяткаваньне дня народзінаў “Бацькі”
30 жніўня ў цэнтры Гомеля адбыліся затрыманьні чатырох моладзевых актывістаў Зьміцера Жалезьнічэнку, Віталя Бірукова, Андруся Ценюту, Сяргея Астафонава. Усіх затрыманых даставілі ў Цэнтральны РАУС Гомеля для высвятленьня асобаў.
Як паведамляе “Гарт”, група маладзёнаў сабралася ў цэнтры горада, каб правесьці акцыю, прымеркаваную да дня народзінаў Аляксандра Лукашэнкі. Паводле словаў удзельнікаў акцыі, адмыслова для мерапрыемства былі падрыхтаваныя афіцыйныя партрэцікі з выявай Лукашэнкі, якія маглі атрымаць у падарунак усе ахвотныя. Апрача гэтага, юнакі склалі петыцыю, у якой заклікалі беларускае насельніцтва прызнаць 30 жніўня дзяржаўным сьвятам. Як распавёў адзін з удзельнікаў акцыі, Зьміцер Жалезнічэнка, на дадзены момант удалося сабраць каля 20 подпісаў гомельцаў, што ўхваляюць ініцыятыву моладзі.
Удзельнікаў акцыі Зьміцера Жалезнічэнку й Віталя Дабранача затрымаў прапаршчык Аляксандар Панчанка. Актывістаў Андруся Сянюту й Сяргея адвёз у Цэнтральны РАУС капітан міліцыі Васіль Мінтусаў. Як паведамілі маладзёны, міліцыянты падазраюць іх у рабаўніцтве, самі супрацоўнікі праваахоўных органаў былі апранутыя ў цывільную вопратку.