Гомельскі сэрыял: дзе беларускамоўныя блянкі дэклярацыяў

Моладзевы актывіст з Гомелю Зьміцер Жалезьнічэнка ставіў пад пагрозу сваю замежную паездку, каб дамагчыся ў менскім аэрапорце блянкаў дэклярацыі на беларускай мове.

6 лістапада Зьміцер Жалезьнічэнка накіроўваўся ў Брусэль для ўдзелу ў моладзевай канфэрэнцыі. У менскім аэрапорце-2 на мытні актывіст запатрабаваў блянкі дэклярацыяў на беларускай мове. У супрацоўнікаў мытні такіх не апынулася, таму яны пачалі спрачацца з маладзёнам па звычайнай схеме: маўляў у Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы і г.д. У час, калі мы размаўлялі са Зьмітром па тэлефоне, ён паралельна даводзіў мытнікам прынцыповасьць свайго патрабаваньня.

Урэшце мытнікі пагадзіліся “схадзіць пашукаць” дэклярацыі на мове. І знайшлі! Жалезьнічэнка, хаця і апошнім з пасажыраў, але прайшоў рэгістрацыю.

Нагадаем, што беларускамоўныя блянкі дэклярацыяў зьявіліся, дзякуючы гомельцу Сержуку Сямёнаву. Ён здолеў зьвярнуць увагу вышэйшых дзяржаўных інстанцый на праблему адсутнасьці дэклярацыяў “на мове”, пры гэтым за сваю прынцыповасьць ён прайшоў праз суды і штрафы.

 

Паводле Homiel.org