Дашкевічу адмовілі ў датэрміновым вызваленьні

Пра гэта палітвязень паведаміў сваім сябрам у чарговым лісьце:
***
У мяне ўсё па старому. Гэта азначае — нармальна. Адвакат загрузіў казкамі пра вызваленьне, дык я пару дзянькоў пахадзіў як вольны чалавек, адчуваючы свабоду кожнаю часткай цела і розуму, але потым узяў сябе ў рукі і пачаў мысьліць рэчамі больш рэальнымі.

А ўчора вадзілі мяне на камісію па ўмоўна датэрміновым вызваленьні, дзе ў гэтым самым вызваленьні адмовілі, бо маю «шэраг спагнаньняў за парушэньні рэжыму дня і формы адзеньня».

Заўчора выклікалі на допыт па справе Івана Шылы. Паказаньні, як заўсёды, даваць адмовіўся, але быў вельмі зьдзіўлены, што функцыянуюць яшчэ нейкія «крыміналкі» на маладафронтаўцаў. Вось табе і рэалізацыя «палітычных дамоваў». Ну, зьнянацку нас гэтым ня возьмеш, бо і першапачаткова спадзяваньняў на тое было малавата. Ды і сядзець тут засталося зусім нічога.

Адзінае, што напружвае тут пастаянна, дык адсутнасьць часу. За тры з паловай — чатыры вольныя вечаровыя гадзіны пасьпяваю толькі збольшага пошту разабраць ды пачытаць троху што небудзь, а калі павячэраеш яшчэ, дык зусім ужо рабіць нічога не можаш — толькі спаць.

Таму амаль ніколі не вячэраю, каб галава яшчэ пару гадзінак пасьля працы паварыла, а падымаюся ў 5, што дазваляе пачытаць у больш менш спакойнай абстаноўцы з гадзінку Біблію. Во такое «жыціё маё» : )

Зьміцер Дашкевіч

Па матэрыялам Нашай Нівы