Да справы Паляковай далучыцца новы адвакат
Грамадзкія актывісты працягваюць патрабаваць, каб была заведзена крымінальная справа аб давядзеньні да самагубства праваабаронцы Яны Паляковай.
Пракуратура Салігорску дагэтуль не адказала на скаргу Беларускага Хэльсынскага камітэту, у якой праваабаронцы заклікаюць пракуратуру самой апратэставаць прысуд, які быў вынесены салігорскім судом Яне Паляковай. Нагадаю, 3-га сакавіка жанчыну пакаралі 2,5 гадамі “хіміі” нібыта за паклёп на міліцыянта. Палякова ж заяўляла, што гэты міліцыянт зьбіў яе ў райаддзеле міліцыі. Праз тры дні пасьля вынясеньня прысуду Яна Палякова скончыла жыцьцё самагубствам.
9 сакавіка на пахаваньні Яны Паляковай прадстаўнікі грамадзкасьці заявілі, што трэба завесьці крымінальную справу аб давядзеньні праваабаронцы да самагубства. Пракуратура Салігорска 20-га сакавіка вырашыла такую справу не заводзіць. “Прыкметаў таго, што Палякову нехта давёў да самагубства, ня знойдзена”, — заявілі ў пракуратуры.
Былая дэпутатка Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова гэтак пракамэнтавала рашэньне Салігорскай пракуратуры:
“Пракуратура не апытала маці Паляковай, яе калегаў і сяброў. Таму ёсьць шмат пытаньняў да такой праверкі”.
Беларускія праваабаронцы, у тым ліку прадстаўнікі Беларускага Хэльсынскага камітэту, Цэнтру правоў чалавека, камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” ды іншыя актывісты днямі на адмысловым паседжаньні дамовіліся пра агульныя дзеяньні ў справе Яны Паляковай. Праваабаронца, сябра “Салідарнасьці” Андрэй Сушко кажа, што першым крокам будзе далучэньне да справы яшчэ аднаго адваката:
“Што мы вырашылі? Вырашылі далучыць мінімум яшчэ аднаго адваката з досьведам працы з пракуратурай і судамі, які б займаўся справай аб давядзеньні да самагубства”.
Паводле Андрэя Сушко, кандыдатура такога адваката ўжо падабраная. Гэта прафэсійны, дасьведчаны адмыслоўца. Зараз зь ім вядуцца перамовы аб заключэньні кантракту.
Нагадаю, у справе Яны Паляковай ужо працуе адвакат Мар’яна Сямешка, якая падала скаргу на прысуд, вынесены салігорскай праваабаронцы Яне Паляковай. Час разгляду гэтай скаргі яшчэ не прызначаны.
Праваабаронцы таксама пачынаюць у Салігорску інфармацыйную кампанію, каб шырэй інфармаваць жыхароў гораду пра праваабарончую дзейнасьць Яны Паляковай, паведаміў “Свабодзе” Андрэй Сушко з камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”.
Паводле радыё Свабода
Post new comment