Заява Алеся Беляцкага да міністра замежных справаў

Я, Бяляцкі Аляксандр Віктаравіч, з’яўляюся старшынём Рады Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які быў ліквідаваны паводле рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2003 г.

Палічыўшы дадзенае рашэнне Вярхоўнага Суда парушэннем свабоды асацыяцыяў і не знайшоўшы належнай прававой абароны на нацыянальным узроўні, дзесяць заснавальнікаў Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” скарысталіся сваім канстытуцыйным правам і звярнуліся з індывідуальным зваротам у Камітэт па правах чалавека ААН.

24 ліпеня 2007 г. Камітэт па правах чалавека ААН прыняў Меркаванні па дадзеным індывідуальным звароце (нумар паведамлення 1296/2004 г.)

Паводле Меркаванняў Камітэт лічыць, што інфармацыя, якой ён валодае, выявіла парушэнне дзяржавай-удзельніцай артыкула 22 пункта 1 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Камітэт прыйшоў да высновы, што згодна з артыкулам 2 пункт 3 (а) Пакта аўтар і сааўтары маюць права на адпаведныя сродкі прававой абароны, якія ўключаюць у сябе перарэгістрацыю “Вясны” і кампенсацыю. Таксама абавязкова прыняць меры для прадухілення здзяйснення падобных парушэнняў у будучым.

Трэба адзначыць, што на момант падачы гэтай заявы ніякіх прававых захадаў з боку афіцыйных органаў Рэспублікі Беларусь па аднаўленню парушаных правоў так зроблена і не было.

У той жа час варта нагадаць, што, стаўшы ўдзельнікам Факультатыўнага Пратакола, дзяржава-удзельніца прызнала права Камітэта вызначаць, ці мела месца парушэнне Пакта ці не, і тое, што згодна з арт. 2 Пакта, дзяржава-удзельніца абавязалася гарантаваць кожнай асобе на яе тэрыторыі ці падпадаючай пад яе юрысдыкцыю права, прызнаныя Пактам, і забяспечваць эфектыўныя сродкі прававой абароны, калі было вызначана, што парушэнне мела месца.

Акрамя таго, абавязак дзяржавы выконваць палажэнні Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Меркаванняў Камітэта вынікае з арт. 27 Венскай канвенцыі “Аб міжнародных дамовах”.

Паводле п. 5.11 Палажэння аб міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 31.07.2006 г. № 978, на міністэрства замежных спраў ускладзены абавязак па кантролю за выкананнем міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і аказваць садзейнічанне ў выкананні міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь.

Зыходзячы з вышэйуказанага прашу:

1. Прадставіць мне інфармацыю аб мерах, якія былі прынятыя міністэрствам па выкананню Меркавання Камітэта па правах чалавека ААН (нумар паведамлення 1296/2004 г.) ад 24 ліпеня 2007 г.

2. У межах кампетэнцыі Міністэрства замежных спраў прыняць меры, скіраваныя на выкананне згаданага Меркавання і міжнародных абавязацельстваў, якія прыняла на сабе Рэспубліка Беларусь, ратыфікаваўшы Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўны Пратакол да яго.

 

Паводле ПЦ Вясна

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.