Заява грамадзкай камісіі па Андрэю Кіму

21-гадоваму актывісту “Ініцыятывы” Андрэю Кіму пагражае да шасьці гадоў зьняволеньня. На гэты момант справа Андрэя Кіма - самы трагічны эпізод барацьбы сёньняшніх уладаў краіны з дробнымі прадрымальнікамі. Як вядома, п. 1.1 указа № 760 не даў магчымасьці сотням тысячаў беларусаў працаваць у гэтым годзе. Вышэйназваны ўказ не адпавядае Канстытуцыі Беларусі. Абураючыюся беззаконьнем і страціўшыя магчымасьць карміць свае сем’і, людзі мусілі выйсьці на цэнтральныя плошчы Менска, каб улады пачулі іх. Улады ж, замест канструктыўнага дыялогу, ужылі гвалт і сілу.

Пацярпелі дзесяткі мірных дэманстрантаў – прадпрымальнікаў, студэнтаў, працоўных і служачых. Адначасова ўлады запалохвалі людзей – звыклымі сталі прэвентыўныя арышты актывістаў прадпрымальніцкіх і моладзевых рухаў. Больш за 50 чалавек – прадпрымальнікаў і моладзевых актывістаў – было затрымана і па абсурдных абвінавачваньнях прысуджана да арыштаў на 10-20 сутак. Міністр унутраных справаў У. Навумаў заявіў, што гэтыя людзі таксама могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Студэнтам Кацярыне Красновай, Людміле Атакулавай, Антону Каліноўскаму, Франаку Вячорку, Андрэю Прэсьняку і іншым пагражае выключэньне з унівэрсітэтаў. Верхам гэтай гістэрыі стаў разгон мітынга на плошчы Незалежнасьці і крымінальная справа, заведзеная на актывіста “Ініцыятывы” Андрэя Кіма.

З 21 студзеня, калі ён быў затрыманы падчас мітынгу, яму напоўніцу прыйшлося сутыкнуцца з грубымі парушэньнямі ягоных правоў, маральным і фізічным ціскам – гэта і жорсткае абыходжаньне ў РУУСе, дзесяцідзённае ўтрыманьне на Акрэсьціна за быццам бы нецэнзурную лаянку, і шлях вядзеньня сьледзтва па самой крымінальнай справе.

Мы лічым, што справа Андрэя Кіма цалкам палітычная, таму што:
- Андрэй невінаваты ў тым, што яму інкрымінавалі;
- Сама магчымасьць сутычкі паміж дэманстрантамі і міліцыяй была абумоўлена незаконнымі дзеяньнямі міліцыянтаў;
- Справа Андрэя Кіма кантралюецца асабіста пракурорам горада Менску;
- Гэты артыкул ужо выкарыстоваўся супраць дэмакратычным актывістаў (справы Радзівіла, Лукашова і інш.);
- З адваката ўзялі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы;
- Адбываецца маральны ціск на родных Андрэя.

Мы добра ведаем Андрэя як шчырага хрысьціяніна, як чалавека, што прысьвяціў шмат часу кампаніям салідарнасьці з палітзьняволеннымі. Але ж зараз трэба змагацца за ягоную свабоду. Таму мы заклікаем беларускае грамадзтва і міжнародную супольнасьць падтрымаць грамадзкую кампанію “Свабоду Андрэю Кіму! Свабоду прадпрымальніцтву!”. Толькі неадкладнае вызваленьне Андрэя Кіма і іншых палітвязьняў, спыненьне ўсіх крымінальных справаў, узбуджаных па палітычных матывах, мусіць быць умовай перамоваў з сёньняшняй уладай Беларусі.