Заява камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць"
У інтэрвію, дадзеным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкам агенцыі Франс-Прэс, А.Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі няма палітычных зьняволеных, а гэтыя людзі - звычайныя злачынцы.
У зьвязку з гэтым Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” лічыць неабходным патлумачыць наступнае:
Палітычным зьняволеным завецца любы зьняволены, у справе якога прысутнічае важкі палітычны элемэнт. Такім можа быць: матывацыя дзеяньняў зьняволенага, самі дзеяньні ці чыньнікі, што падштурхнулі ўлады заслаць яго за краты (“Amnesty International”).
Асноўным зьяўляецца сутнасна значны й дакладна вызначаны палітычны матыў улады на перасьлед таго ці іншага чалавека. Амаль заўсёды перасьлед палітычных зьняволеных суправаджаецца парушэньнем нормаў дзеючага заканадаўства й/ці міжнародных стандартаў правоў чалавека:
• элемэнты фальсыфікацыі ў абвінавачваньні;
• парушэньне працэсуальных гарантыяў дасудовага й судовага разьбіральніцтва, у тым ліку ў выпадках жорсткага стаўленьня, катаваньняў і пагрозаў іх прымяненьня;
• тэндэнцыйнасьць у ацэнцы даказальнай сілы аргумэнтаў абароны й абвінавачваньня;
• сьвядомае ўжываньне неадэкватных зьдзейсьненаму нормаў права;
• дыскрымінацыйны характар судовага перасьледу ў параўнаньні з аналягічнымі выпадкамі іншых асобаў;
• працягласьць зьняволеньня, відавочна несуразьмерная правапарушэньню, у якім дадзеная асоба падазраецца ці прызнаная вінаватай.
Камітэт “Салідарнасьць” патрабуе поўнага зьнішчэньня палітычнай матывацыі ў сфэры правасудзьдзя й працы органаў, якія ажыцьцяўляюць ахову правапарадку.
У тым жа інтэрвію А.Лукашэнка адзначыў, што моладзевыя актывісты, якіх арыштоўваюць на дэманстрацыях, былі ў непрытомнасьці й п’яныя, і ім былі патрэбныя гэтыя 10-15 сутак у турме,” каб прыйсьці ў сябе”.
Сьцявярджаем, што дадзеныя выказваньні не грунтуюцца на рэальных фактах. Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь расцэньвае алкагольнае ап’яненьне як чыньнік, што абцяжарвае вінаватасьць, і ў сувязі з гэтым дадзеныя факты вызначаюцца ў судовых пастановах.
Мы ажыцьцяўляем маніторынг адміністрацыйных справаў супраць дэмакратычных актывістаў. На падставе судовых пастановаў аб адмністрацыйных правапарушэньнях можам сьцьвярджаць, што ў 2007 годзе з 44 моладзевых актывістаў, прыгягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці, толькі ў дзьвух пастановах пазначана, што правапарушэньне зьдзяйсьнялася у стане алькагольнага ап’яненьня (!экспэртыза пры гэтым не праводзілася). У 2008 годзе з пастановаў, што тычыліся 26 дэмакратычнага актывіста ня бачна ніводнага выпадку знаходжаньня ў стане алькагольнага ап’яненьня.
Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" заклікае ў далейшым карыстацца аб’ектыўнай і праверанай інфармацыяй.
беларускі актывізм
няўжо нельга знайсці іншыя метады папасьці за мяжу?
Post new comment