Заява ў сувязі са зьбіцьцём праваабаронцы Яны Паляковай
9 кастрычніка 2008 году ў горадзе Салігорску быў зьдзейсьняны напад на праваабаронцу Яну Палякову. Невядомы грамадзянін ля дому, пагражаючы, схапіў яе за валасы й стукнуў па галаве. Пры гэтым паведаміў: «Гэта для цябя апошняе папярэджаньне!»
Пасьля наведваньня траўмапункту, Яну адвезьлі ў адзьдзел міліцыі для напісаньня заявы аб нападзе. Аднак і ў міліцыі да зьбітай дзяўчыны не праявілі належнай спагады й увагі. Пасьля яе просьбы выйсьці на сьвежае паветра, супрацоўнік міліцыі груба штурхнуў праваабаронцу на падлогу.
Падчас мінулых выбараў у Парлямант Рэспублікі Беларусь Яна Палякова ў складзе ініцыятыўнай групы кандыдыта ў дэпутаты Вольгі Казулінай зьбірала подпісы грамадзян за яе вылучэньне. Супрацоўнікі КДБ і праваахоўных органаў патрабавалі ад Яны адмовіцца ад удзелу ў зборы подпісаў. За адмову ад супрацоўніцтва была зьбіта ў адзьдзеле міліцыі, атрымаўшы пры гэтым траўмы рукі й ног. Да цяперашнега часу Яна Палякова знаходзіцца на рэабілітацыі.
Яна зьвярнулася ў органы пракуратуры для ацэнкі даденых дзеяньняў, аднак дагэтуль няма аніякай рэакцыі.
Мы, грамадзяне Беларусі, вельмі абураны адбыўшымся. Мы выказваем сваю салідарнасьць зь Янай Паляковай. Мы патрабуем ад кампэтэнтных органаў тэрмінова расьледваць факты злачынства і запужваньня і пакараць віноўных.
Мы зьвяртаемся да журналістаў, дэмакратычнай грамадзкасьці зьвярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя факты парушэньня правоў чалавека і сачыць за лёсам Яны Паляковай, праваабаронцы зь невялікага беларускага гораду Салігорску.
А.Казулін, А.Лябедзька, А.Бяляцкі, Э.Браніцкая, А.Воўчык, Л.Гразнова, В.Казуліна, І. Кулей, Р.Міхайлаўская, І.Рынкевіч, Т.Сяргей, В.Стэфановіч