За мінулы дзень затрымана 8 маладзёвых актывістаў

Учора у пераходзе ст. мэтро "Інстытут Культуры" пасьля правядзеньня акцыі з заклейкай партрэтамі зьніклых былі затрыманыя Ірына Мікула(непаўнагадовая) і Максім Сяргіец. У затрыманьні маладзёвых атвістаў прымалі удзел міліцыянты ППС Сяргей Дмітрыеў, Дзмітры Лепнянін і Максім Даброў.

Савецкім РУУСам за распаўсюд газэтаў, прысьвечаных "Эрапейскаму маршу" былі затрыманыя Віталь Бурыла і Арцём Шаўчэнка.

Таксама, мінулай ноччу, у кватэру, якую здымае Крысьціна Шацікава уварваліся людзі ў цывільным, якія прадставіліся як супрацоўнікі міліцыі па барацьбе з арганізаванай злачынасьцю. Пры гэтым было заяўлена, што ўсіх прысутнічаючых падазраюць у незаконным знаходжаньні ў чужым памяшканьні і крадзяжы маёмасьці. Гэта міліцыянты і запісалі ў рапарце.

Як стала вядома ПЦ “Вясна”, у кватэры знаходзіліся актывіст апазыцыі Зьміцер Лісіенка і ягоныя сябры. Быў праведзены ператрус, пад час якога былі знойдзены ўлёткі і расьцяжка "Свабоду Казуліну!". Таксама былі канфіскаваны кампутар, дыскі і паперы гаспадара кватэры. Затым, прыкладна каля 2 гадзінаў ночы, кватэру апячаталі.

Гэта паслужыла падставай дзя затрыманьня актывістаў. Прычым на Зьміцера Лісіенку адразу ж начапілі кайданкі. Яны былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС Менска. Пад раніцу быў праведзены допыт, прычым без прысутнасьці адваката, на ўдзеле якога настойвалі затрыманыя. А 10 гадзіне міліцыянты склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, у якіх затрыманыя абвінавачваюцца чамусьці ў нецэнзурнай лаянцы. На гэты момант вядома, што Яна Карповіч і яшчэ двое актывістаў Сяржук Павазкоў і Артур Дасанаў знаходзяцца ў Ленінскім РУУСе, а Зьміцера Лісіенку хутчэй за ўсё павезлі на допыт супрацоўнікі КДБ.