Зварот А.Мілінкевіча да праваахоўных органаў Гомельскай вобласьці
Лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч накіраваў зварот да праваахоўных службаў Гомельскай вобласьці з патрабаваньнем спыніць перасьлед моладзевых актывістаў.
У прыватнасьці, у лісьце на імя начальнікаў Цэнтральнага і Чыгуначнага райаддзелаў міліцыі Гомеля Аляксандар Мілінкевіч нагадаў, што “праваахоўнымі ворганамі шырока выкарыстоўваецца практыка прэвэнтыўных і адвольных адміністрацыйных затрыманьняў грамадзкіх дэмакратычных дзеячаў. Большасьць з іх была пакараная судамі адміністрацыйнымі арыштамі, буйнымі штрафамі. Судовыя рашэньні выносіліся выключна на падставе паказаньняў супрацоўнікаў міліцыі, якія непасрэдна праводзілі затрыманьні”.
У якасьці прыкладу згадваецца затрыманьне, арышт на восем сутак і буйны штраф моладзеваму актывісту Зьміцеру Жалезьнічэнку, студэнту-выдатніку Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны, адлічанаму за актыўную грамадзянскую пазыцыю.
Як заяўляе Аляксандар Мілінкевіч, дзеяньні ахоўнікаў у дачыненьні да Зьміцера Жалезьнічэнкі, “па-першае, зьяўляюцца парушэньнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь, міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека і, па-другое, могуць быць кваліфікаваныя як палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў”.
Другі зварот Аляксандр Мілінкевіч накіраваў старшыні суду Цэнтральнага раёну Гомеля Рыгору Дзмітрэнку, чые падначаленыя на падставе выключна міліцэйскіх пратаколаў караюць дэмакратычных актывістаў.
Мілінкевіч заклікае судзьдзяў “устрымацца ад практыкі прыняцьця палітычна матываваных рашэньняў у дачыненьні да грамадзкіх актывістаў, выконваць нормы існуючага беларускага заканадаўства”.