Зьбіты Зьміцер Хведарук накіраваў заяву ў пракуратуру
12 сьнежня падчас гвалтоўнага разгону супрацоўнікамі ПМСП мірнай акцыі пратэсту “За незалежную Беларусь” на Кастрычніцкай плошчы супраць прыезду прэзыдэнта Расеі быў моцна зьбіты актывіст Маладога Фронту Зьміцер Хведарук. Калі выклікалі “хуткую дапамогу”, ніводнага міліцыянта побач не было. Актывіст быў дастаўлены ў 9-ы клінічны шпіталь, дзе была аказана медычная дапамога й пастаўлены дыягназ: закрытае ЧМТ, сатрасеньне галаўнога мозгу, ушыбы рознай ступені цяжкасьці.
14 сьнежня Зьміцер Хведарук накіраваў заяву ў пракуратуру Цэнтральнага раёну сталіцы з прозьбай правесьці праверку й ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненьні да супрацоўнікаў Палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня, дзеяньні якіх насілі супрацьпраўны характар і ў выніку якіх ён атрымаў фізічныя пашкоджаньні.
Паводле ПЦ Вясна