ЗЬМІТРА ЛІСІЕНКУ АШТРАФАВАЛІ ЗА ГРАФІЦІ "СВАБОДУ ШЧУКІНУ!"
Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску прызнала менскага актывіста Маладога Фронту Зьмітра Лісіенку вінаватым у дробным хуліганстве. Яго пакаралі штрафам 310 тысяч рублёў. Ні на адным з двух судовых пасяджэньняў маладафронтавец сваёй віны не прызнаў.
Але судзьдзя палічыла вартымі даверу міліцэйскія пратаколы ды паказаньні міліцыянтаў-сьведкаў, якія праводзілі затрыманьне. Зьмітра Лісіенку затрымалі ўначы 9 чэрвеня каля Віцебскай абласной управы Міністэрства ўнутраных справаў, на будынку якой зьявіўся надпіс “Свабоду Шчукіну!”. Зьміцер распавёў, што прыехаў у Віцебск 6 чэрвеня, каб падтрымаць Валер’я Шчукіна падчас ягонага судовага працэсу. Увогуле ж на менскага актывіста Маладога Фронту ў Віцебску за тыдзень завялі тры адміністрацыйныя справы. Яго аштрафавалі на 620 тысяч рублёў за непадпарадкаваньне міліцыі падчас разгону пікету каля Першамайскага райсуду, дзе судзілі Валер’я Шчукіна. Лісіенка заступіўся за дзяўчат, якіх міліцыянты зьбівалі й гвалтам цягнулі ў машыну. Таксама актывіст МФу адбыў трое сутак арышту за графіці “Свабоду Казуліну!”.