Зьмітру Дашкевічу далі штраф 60 базавых велічыняў
У шклоўскай папраўчай калёніі №17 сёньня закончыўся судовы працэс над зьняволеным лідэрам незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітром Дашкевічам. Яго судзілі за адмову сьведчыць супраць паплечнікаў. Вынік суду – штраф 60 базавых велічыняў (1 мільён 860 тысячаў беларускіх рублёў).
Дзяржаўны абвінаваўца патрабаваў 100 базавых велічыняў. Адвакат Дашкевіча Аляксандар Галіеў заявіў, што ў цэлым задаволены вынікам працэсу. Разам са Зьмітром яны яшчэ будуць вырашаць, ці варта падаваць апэляцыю на гэты прысуд.
Як і 6 лістапада, судовае паседжаньне было закрытым. У калёнію, акрамя Аляксандра Галіева, прапусьцілі толькі прадстаўнікоў АБСЭ. На суд не пусьцілі й бацьку Зьмітра Вячаслава Дашкевіча.
Прыкладна 25 чалавек, паплечнікаў Дашкевіча, палітыкаў і журналістаў, апрануўшы майкі “Свабоду Дашкевічу», стаялі каля ўваходу ў калёнію. Інфармацыю пра вынік працэсу яны віталі воклічам «Жыве Беларусь»
У калёніі Зьміцер Дашкевіч адбывае пакараньне -- 18 месяцаў зьняволеньня, якія яму летась далі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.