Зьнялі з пасады за апазыцыйнасьць

Уладзімера Юрчанку, старшыню Магілёўскай раённай Кастрычніцкай арганізацыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) зьнялі з пасады брыгадзіра будаўнічага упраўленьня энэргетыкаў "Лаўсанбуд".

– Да мяне на працу прыйшоў супрацоўнік міліцыі, які пачаў распавядаць майму начальніку, што ёсьць непарадкі ў маёй працы, – кажа Ўладзімер Юрчанка. – Нібыта праблемы тут і там, хаця нічога такога да гэтага моманту ня было. Далей – больш. Ён прапанаваў кіраўніцтву мяне звольніць. Гэтае пытаньне вырашалася некалькі дзён. Кіраўніцтва прыйшло да высновы – не звальняць, але зьняць мяне з пасады брыгадзіра вартаўнікоў.

У выніку такога рашэньня апазыцыянэр будзе губляць прыблізна 100 тысячаў рублёў ад свайго былога заробка штомесяц.

– Тое, што да мяне раптоўна прыйшоў супрацоўнік міліцыі і кіраўніцтва пасьля яго прыходу мяне ледзь не звольніла, – гаворыць Уладзімер, – на маю думку, зьяўляецца вынікам маёй палітычнай дзейнасьці.

Паводле Bulletinonline