З унівэрсытэту імя Куляшова адлічылі маладафронтаўца

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Расьціслава Панкратава адлічылі з Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова.

У адміністрацыі вучэльні даводзяць, што студэнт факультэту замежных моваў Панкратаў ня здаў летняй сэсіі за першы курс, таму й адлічаны. Сам жа актывіст называе рашэньне рэктарату палітычна матываваным.

У пятніцу з гэтага ж унівэрсытэту адлічылі каардынатарку аргкамітэту па стварэньні аб’яднаньня “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Тацяну Шамбалаву.

Паводле Расьціслава Панкратава, кіраўніцтва ўнівэрсытэту ведала, што ён актывіст моладзевага апазыцыйнага руху. Пасьля першага месяца вучобы, кажа ён, ва ўнівэрсытэт прыходзілі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі й дапытвалі яго ў службовым памяшканьні рэктарату:

“Да мяне прыйшлі з камітэту й пачалі “наяжджаць”: на якіх падставах я ежджу па замежжы? Прапаноўвалі супрацоўніцтва, але я адмовіўся”.

Актывіст лічыць, што вучыўся ён добра, і каб знайсьці падставы для адлічэньня, унівэрсытэцкая камісія папросту перадузята да яго паставілася:

“Ангельскую мову я вучу зь першай клясы. У мяне рэпэтытар быў пяць гадоў. Я ў Англію езьдзіў шэсьць гадоў запар, то бок праблемаў у мяне з ангельскай мовай не было ніякіх. У першым сэмэстры ў мяне ніякіх праблемаў са здачай сэсіі не было. У другім, калі я хварэў, пачаліся ўсе гэтыя наезды на мяне: “Ты шмат прахварэў, забірай дакумэнты сам. Ты ня справісься з праграмай”. Яны ўжо тады намякалі, каб я сыходзіў з унівэрсытэту”.

У дэканаце замежных моваў пацьвердзілі, што загад на адлічэньне студэнта першага курсу Расьціслава Панкратава ўжо падпісаны:

“Ён ня здаў экзамэнаў. Экзамэны ён здаваў камісіі ўжо ня першы раз. За першы курс ён здаваў. Адказ быў ягоны ніякі, то бок ён нічога не засвоіў з таго матэрыялу, які даваўся за першы год. У яго не пыталіся нічога звышсур’ёзнага. Па-ангельску ён гаворыць на ўзроўні вучня пятага, шостага клясаў”, — паведаміла намесьніца дэкана па ідэалягічнай і выхаваўчай працы Вольга Вароніна.

Паводле спадарыні Варонінай, ніхто ва ўнівэрсытэце ня ведаў, што Панкратаў актыўна займаецца палітычнай дзейнасьцю.

Расьціслаў Панкратаў — другі студэнт, якога за апошні тыдзень адлічылі з Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. У мінулую пятніцу стала вядома, што з гэтай вучэльні, з гістфаку, адлічаная й каардынатарка аргкамітэту па стварэньні аб’яднаньня “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Тацяна Шамбалава. Падстава ўсё тая ж — дрэнная вучоба й няздача летняй сэсіі.

Апазыцыйны палітык Павал Севярынец лічыць, што матывы адлічэньня з унівэрсытэту і Панкратава, і Шамбалавай — палітычныя:

“Калі беларусы змагаліся за сваю незалежнасьць на пачатку дваццатага стагодзьдзя, многія выкладчыкі рабілі ўсё, каб чалавек і пасьпяхова вучыўся, і займаўся грамадзкай дзейнасьцю. На жаль, выкладчыкі ня выявілі такой салідарнасьці й вырашылі проста прагнуцца перад начальствам. Можна, канечне, ціхенька сядзець ва ўнівэрсытэце з надзеяй, што лепшыя часы прыйдуць самі сабой. Але мне здаецца, што вартыя павагі тыя людзі, якія ахвяруюць уласнай кар’ерай дзеля таго, каб мы сёньня жылі крыху лепей”.

Што да Расьціслава Панкратава, то ён плянуе на наступны год зноў паступаць ва ўнівэрсытэт, зь якога яго адлічылі. Палітычную дзейнасьць ён спыняць не зьбіраецца.

 

Паводле Радыё Свабода