Калі з Вамі спрабуе сустрэцца КДБ
Пачнем з таго, што выклік на так званую “размову” у сьледчыя ворганы не прадугледжаны дзеючым Крымінальна-працэсуальным кодэксам, таму, калі супрацоўнік «органаў» у вуснай размове ці па тэлефоне запрашае Вас прыйсьці да яго «паразмаўляць», тактычна адмоўце яму: можаце спаслацца, напрыклад, на занятасьць. Можаце запытаць ці узбуджаная крымінальная справа па пытаньні, па-якому Вас жадаюць выклікаць. Калі крымінальная справа не ўзбуджаная, адмаўляйцеся ад усялякіх тлумачэньняў, таму што інфармацыя, якую Вы можаце даць, тэарытычна можа быць падставай для пастановы аб узбуджэньні крымінальнае справы, а хутчэй за ўсё, будзе выкарыстаная для чарговага «выкрывальнага сюжэту» на дзяржтэлебачаньні ці спробы ціску ў будучым на Вас і Вашых сяброў.
Памятайце! Ніякіх неафіцыйных «размоваў» з «органамі» не павінна быць: яны Вам - не суседзі па лесьвічнай пляцоўцы, а тым больш - не сябры.
Зьявіцца ў ворганы на допыт Вы павінны толькі па ПОЗЬВЕ – пісьмовым паведамленьні аб выкліку ў ворган крымінальнага перасьледу ці ў суд для чыненьня працэсуальных дзеяньняў, у якой пазначаецца, хто й у якасьці каго (сьведка, падазраваны) выклікаецца; дата і час зьяўленьня на допыт; справа, у сувязі зь якой Вас выклікаюць; а таксама наступствы незьяўленьня без паважлівай прычыны. Позва павінна быць пададзеная выкліканаму на допыт асабіста ў рукі пад подпіс, а калі ён адсутнічае, то яго сваякам, альбо адміністрацыі па месцу яго працы альбо вучобы.
Калі ж Вы ўсё ж такі атрымалі позву, неабходна ў першую чаргу паведаміць сваім сябрам, каб яны, калі спатрэбіцца, мелі магчымасьць дапамагчы Вам (знайсьці адваката, праінфармаваць праваабарончыя арганізацыі, журналістаў).
Калі дазваляе час - і нават калі ён не дазваляе гэтага зрабіць – абавязкова пракансультуйцеся ў юрыстаў і праваабаронцаў. Калі маеце такую магчымасьць, забясьпечце прысутнасьць на допыце адваката.
Заўжды памятайце – Вы маеце канстытуцыйнае права НЕ ДАВАЦЬ СЬВЕДЧАНЬНЯЎ І ТЛУМАЧЭНЬНЯЎ СУПРАЦЬ САМОГА САБЕ, ЧАЛЬЦАЎ СЯМ’І Й БЛІЗКІХ СВАЯКОЎ(арт.27 Канстытуцыі)! Калі Вы лічаце, што пры адказе на пэўнае пытаньне Вы можаце нашкодзіць сабе ці блізкім – спасылайцеся на вышэйзазначаны артыкул і кажыце, што ня будзіце адказваць на гэтае пытаньне. Пры гэтым Вы не адмаўляецеся даваць сьведчаньні (за што ў некаторых выпадках можа быць крымінальная адказнасьць), Вы згаджаецеся даваць іх проста на падставе арт.27 Канстытуцыі (свайго канстытуцыйнага права не даваць сьведчаньняў й тлумачэньняў супраць самога сабе і, такім чынам, не распавядаць НІЧОГА супрацоўнікам «органаў»).
Яшчэ раз асноўныя парады, якія дапамогуць Вам пазьбегнуць непрыемных размоваў з «органамі»:
- першая й асноўная парада - ніякіх нефармальных сяброўскіх размоваў з КДБ – у супрацоўнікаў камітэту цалкам фармальная кампетэнцыя й дастакова несяброўская для Вас мэта!
- у ніякім разе не паведамляйце нават ”нязначную” інфармацыю, датычную таго, пра што Вас запытваюць – яна можа стаць падставай для крымінальнае справы ці чарговай падставай для ціску на Вас і вашых сяброў.
- паведамляйце пра спробы «органаў» сустрэцца з Вамі максымальнай колькасьці людзей: прэсе, праваабаронцам, сябрам і блізкім...
- адзіная форма суразмовы з «органамі» - выклік Вас туды позвай! Ніякіх нефармальных сустрэчаў на вуліцы, на прыватных кватэрах ці аўтамабілях.
- і апошняя, - у ніякім выпадку не згаджайцеся на супрацоўніцтва: Вас наўрацьці чакае бліскучая кар’ера агента КДБ!
Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць”