Катаваньні за перакананьні. Што рабіць, калі зьбіваюць або зьдзекуюцца ў міліцыі?
Барысаўчанка Алеся Ясюк заявіла пра зьдзек і катаваньні з боку міліцыі.
6-га ліпеня яна была затрымленая на вуліцы Багдановіча ў Менску супрацоўнікамі міліцыі Цэнтральнага РУУС , якія знайшлі ў яе сумцы некалькі налепак з надпісам “Байкот”. Яе завезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну. Як распавяла сп-ня Ясюк, у пакой да яе прыйшлі 2 чалавекі ў цывільным зь відэакамэрай. Адзін мужчына сарваў зь яе валасоў гумку, зьняў акуляры і кінуў іх на падлогу, другі парваў чахол на мабільным тэлефоне і разадраў правую далонь да крыві. Усім працэсам, паводле Алесі Ясюк, кіраваў маёр Анатоль Шытыка. Потым у пакой увайшла супрацоўніца міліцыі і пачала распранаць Алесю дагала. Усё гэта здымалася на відэакамэру. Алеся патрабавала, каб мужчыны выйшлі з пакою. Але ніхто яе не паслухаў. Калі яе пратрымалі больш за 3 гадзіны, яна запатрабавала, каб яе адпусьцілі. Але ў адказ яе пачалі палохаць, што завязуць у турму на Акрэсьціна і пасадзяць у адну камэру з бамжамі. Пратрымаўшы 6 гадзінаў, Алесю адпусьцілі без складаньня пратаколу пасьля таго, як тая заявіла, што будзе скардзіцца на дзеяньні міліцыі ў пракуратуру.
Сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч нядаўна сам перанёс такія ж зьдзекі, як і Алеся Ясюк. Яго некалькі разоў разьдзявалі дагала ў турме на Акрэсьціна пасьля затрыманьня за акцыю 1 траўня ў Менску.
“Відаць, разьдзяваньне яны ўпадабалі... 1 траўня ўпершыню ў адміністрацыйнай турме мяне раьдзявалі, што называецца, зусім... Што яны шукалі, невядома. Думаю, што гэта была спроба псыхалягічнага ціску. Пасьля суду мяне тры разы абшукалі, адзін раз да трусоў, а потым захацелі вывучыць усяго... Я й не такое бачыў, то параіў ім глядзець больш уважліва з усіх бакоў. Тады яны спыніліся... Але жанчына рэагуе, відаць, іначай”.
Паколькі “спэктаклі з разьдзяваньнем” адбываліся ў розных установах — і ў турме на Акрэсьціна, і ў РУУС, — Мікола Статкевіч мяркуе, што яны маюць нейкага адзінага рэжысэра ў вярхах:
“Такое ўражаньне, што ўлада ўпэўнілася, што гэты ўзровень рэпрэсіяў не працуе і трэба ўздымаць яго. Але павялічваць колькасьць палітвязьняў — сабе даражэй. І таму спрабуюць дадаваць псыхалягічныя катаваньні. Так што трэба чакаць працягу разьдзяваньняў”.
“Але я прагназую, што паколькі ёсьць публічныя заявы пра гэты гвалт, то міліцыянты заднім днём нешта напішуць, каб рэальна прыцягнуць яе да адміністратыўнай адказнасьці. Не было такога, каб міліцыянты, нарабіўшы нечага, не прыдумалі потым сабе пэўнага апраўданьня, каб прыкрыць парушэньні правоў чалавека”.
Калі і быў хто зь міліцыянтаў пакараны за гвалт у адносінах да грамадзян, то гэта ня тычылася выпадкаў ціску на апазыцыянэраў, — перакананы Ігар Рынкевіч:
“У Беларусі цяпер існуе карт-блянш для дзеяньняў органаў міліцыі, супрацоўнікаў спэцслужбаў супраць апазыцыі. Яны дазваляюць сабе нават больш брутальныя дзеяньні ў дачыненьні да апазыцыянэраў, чым да крымінальных аўтарытэтаў і іншых злачынцаў”.
У тэчках Беларускага Хэльсынскага камітэту шмат скаргаў грамадзян на грубае і бесчалавечнае абыходжаньне зь імі супрацоўнікаў міліцыі,— паведаміў “Свабодзе” старшыня БХК Алег Гулак.
“Часам такія дзеяньні нават прыводзяць да цяжкіх наступстваў, сьмерці людзей. Вельмі складана ў такіх выпадках справу даводзіць да лягічнага завяршэньня. Мы ня можам гэтыя заявы самі дасьледаваць, мы можам толькі апэляваць да праваахоўных органаў, пракуратуры, судоў, дапамагаем знайсьці адвакатаў, падключаем прэсу”.
Паводле Алега Гулака, звычайна міліцыя чыніць зьдзекі ў дачыненьні да асобаў, якія маюць нізкі сацыяльны статус — бамжоў, п’яніц, алькаголікаў.
“З такой катэгорыяй яны не цырымоняцца, і можна паверыць у любыя жахі, якія робяць міліцыянты з такімі людзьмі, бо, на жаль, гэта вельмі часта выяўляецца праўдай. У адносінах да палітактывістаў гэтая практыка ўсё ж такі даволі рэдкая”.
Выпадак з Алесяй Ясюк спадар Гулак лічыць парушэньнем заканадаўства і вызначаных працэдураў агляду.
“Гэта незаконныя дзеяньні работнікаў міліцыі. Гэта падпадае пад азначэньне “бесчалавечнае абыходжаньне з затрыманымі” і павінна быць пакарана”.
Аднак Алег Гулак ня ведае выпадкаў, калі міліцыянты былі пакараныя за бесчалавечнае абыходжаньне і катаваньні.
“Такія дзеяньні звычайна кваліфікавалі як злоўжываньне службовым становішчам, і падсудныя міліцыянты атрымлівалі ўмоўнае пазбаўленьне волі альбо кароткія тэрміны турмы. Але і такія выпадкі вельмі рэдкія. Сыстэма пакрывае сваіх супрацоўнікаў”.
Што рабіць, калі чалавек патрапіў пад зьдзекі і катаваньні ў міліцыі? Парады старшыні БХК Алега Гулака:
“Трэба шукаць сьведкаў, пісаць скаргі міліцэйскаму кіраўніцтву і пракуратуры, дамагацца разгляду гэтых спраў у судах. Калі ёсьць сьляды зьбіцьця, то трэба браць у раённай пракуратуры накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу... Нават калі не пераможаш у канкрэтным выпадку, то гэта будзе моцным фактарам стрымліваньня на будучыню”.
Парады Ігара Рынкевіча:
“Па-першае, абараняцца, ужываць у адказ фізычную сілу — небясьпечна, бо гэта будзе перакваліфікавана з дакладнасьцю да наадварот. Будзе сказана, што гэты чалавек ужыў у адносінах да міліцыянтаў сілу, а яны ўжо адэкватна ўжывалі сілу і спэцсродкі. У такім выпадку трэба згрупавацца, каб не пацярпелі галава і іншыя жыцьцёва важныя органы. Па-другое, трэба пастарацца запомніць хаця б твары тых, хто зьбівае. Па-трэцяе, шукаць сьведкаў. Па-чацьвёртае, адразу патрабаваць хуткую дапамогу, каб засьведчыць сьляды зьбіцьця. Напісаць заяву пракурору раёну. І, вядома, зьвярнуцца да праваабаронцаў і ў незалежныя СМІ, каб такія выпадкі былі вядомыя, і гэта дапаможа пазьбегнуць яшчэ горшых вынікаў”.
Сьвятлана Завадзкая, якую ўдарыў спэцназавец падчас разгону “жывога ланцуга” ў памяць пра яе мужа, так і не дамаглася, каб міліцыянта прыцягнулі да адказнасьці.
“Я не спадзяюся, што ў нашых сёньняшніх абставінах, якія пануюць у Беларусі, магчыма нейкім чынам пакараць гэтых людзей. Мяркуючы па тым, што й пракуратурай, і судамі кіруе адзін чалавек, то, натуральна, праўды нідзе не дабіцца. Але змагацца трэба”, — сказала маці Зьмітра, Вольга Завадзкая.
Некалькі гадоў спатрэбілася пацярпелым ды іхным сваякам, каб на лаве падсудных апынуліся міліцыянты Першамайскага раёну Менску на чале з маёрам міліцыі Крамсаевым. Яны катавалі затрыманых на допытах. Некалькі чалавек засталіся інвалідамі.
Калі міліцыянты зьбілі да сьмерці начальніка зьмены гадзіньнікавага завода Аляксандра Кулакова, да адказнасьці іх прыцягнулі толькі пасьля таго, як сын нябожчыка, вядомы хакеіст, зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай узнавіць расьсьледаваньне.
Часам людзі, якія зьвяртаюцца ў вышэйшыя інстанцыі са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, сутыкаюцца з пагрозамі і забіраюць свае заявы.
Фэрмэр Алесь Касач прыехаў сёньня на Кастрычніцкую плошчу, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да сваёй справы. Ён апавёў “Свабодзе”, што паскардзіўся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў на дзеяньні супрацоўнікаў шклоўскай папраўчай калёніі, дзе адбывае пакараньне ягоны сын.
Сп.Касач апавёў, што міліцыянты прымушаюць сваякоў пакараных пералічваць грошы на рахункі калёніі, а таксама прывозіць розныя рэчы ў абмен на абяцаньне даць спатканьне. Пасьля таго як мужчына наведаў дэпартамэнт, ён сутыкнуўся з пагрозамі з боку міліцыянтаў.
“Калі ты хочаш сустрэцца з сынам, прывязі фарбу, прывязі сьвяцільнікі, пералічы грошы на рахунак, які назавуць. Калі я зьвярнуўся ў дэпартамэнт, каб яны разабраліся інкогніта, то яны патэлефанавалі ў калёнію і сказалі, што мой сын скардзіцца.
Тады яму там сказалі, што жыць яму засталося няшмат... Ведаеце, гэта вельмі цяжка давесьці такую справу да суду. Але я паспрабую. Сутыкаўся з рознымі людзьмі, і яны кажуць, што амаль немагчыма давесьці такую справу да лягічнага завяршэньня”.
Алесь Касач стаяў сёньня на Кастрычніцкай плошчы з плякатам, каб зьвярнуць увагу ўладаў на сваволю супрацоўнікаў шклоўскай калёніі, пакуль яго адтуль ня выдалілі міліцыянты.
Больш за дзесяць чалавек, зьбітых падчас жорсткага разгону групы моладзі на праспэкце Незалежнасьці сёлета 25 сакавіка, зьвярталіся па мэдычную дапамогу. Мэдыкі выклікалі ў шпіталі міліцыю. Днямі некалькі пацярпелых атрымалі адказы, што пакуль праводзіцца праверка.
На практыцы пракуратура часьцей даводзіць да суду крымінальныя справы супраць міліцыянтаў, абвінавачаных у хабарніцтве, распаўсюджваньні наркотыкаў, забойствах ці згвалтаваньнях. Справы тых, каго абвінавачваюць у зьбіцьці затрыманых, трапляюць у суды даволі рэдка.
паводле Радыё Свабода www.svaboda.org