КДБ папярэдзіў Алеся Зарэмбюка
Учора малады апазыцыйны палітык з Мастоў Алесь Зарэмбюк правёў 2,5 гадзіны ва ўправе КДБ па Гарадзенскай вобласьці, дзе яго папярэдзілі аб крымінальнай адказнасьці за парушэньне артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, накіраваных на парушэньне грамадзкага парадку, альбо ўдзел у іх).
Супрацоўнік КДБ Алег Жывушка цікавіўся абставінамі грамадзкага і прыватнага жыцьця Алеся Зарэмбюка. З пачутых пытаньняў актывіст зразумеў, што яго размовы праслухоўваюцца. Алега Жывушку цікавіла, ці не зьяўляецца Зарэмбюк замежным шпіёнам, на якія сродкі ён існуе, дзе вучыцца, як часта бывае за мяжой.
Асабістую ўвагу чэкіст надаў абставінам сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі Мастоў у лістападзе мінулага году і адзначэньню дня памяці паўстанцаў 1863 года ў Сьвіслачы. На некаторыя пытаньні Алесь Зарэмбюк адказваць адмовіўся, спасылаючыся на сваё канстытуцыйнае права. Шэраг пытаньняў тычыўся ўдзелу ў незарэгістраваных арганізацыях. Грамадзкі актывіст засьведчыў, што зьяўляецца адным з заснавальнікаў руху “За свабоду” і прымае актыўны ўдзел у палітычным жыцьці краіны.
Падпісваць папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці Алесь Зарэмбюк адмовіўся, што было пісьмова зафіксавана ў прысутнасьці некалькіх супрацоўнікаў КДБ.
Паводле радыё Рацыя